Гуманітарны груз для сем'яў з Данбаса, украінскіх бежанцаў і жыхароў рэгіёнаў, пацярпелых ад ваенных дзеянняў, адправілі з Віцебскай вобласці
Фарміраванне гуманітарнай дапамогі вялося ў кожнай вобласці нашай краіны, у тым ліку на Віцебшчыне, па ініцыятыве Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь» і дабрачыннага фонду імя Аляксея Талая.
— Да акцыі далучыліся члены структурных падраздзяленняў РГА «Белая Русь», прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёну, неабыякавыя грамадзяне, — адзначыў старшыня абласной арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь» Уладзімір Церанцьеў. — Удалося сабраць каля 5 тон гуманітарнага грузу, у які ўвайшлі прадукты харчавання, сродкі асабістай гігіены, адзенне і многае іншае. Усё тое, што неабходна і маладой сям'і, і пажылым людзям. Варта адзначыць, гэта не першая гуманітарная дапамога, якую збірае абласная арганізацыя. Дадзеная праца працягнецца: будзе ажыццяўляцца збор рэчаў першай неабходнасці як для перасяленцаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, так і для жыхароў Данецкай і Луганскай народных рэспублік.




