Гуманітарны груз медыцынскага прызначэння з Германіі паступіў у Віцебск

Гуманитарный груз медицинского назначения из Германии поступил в Витебск
Віцебская абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа атрымала гуманітарную дапамогу ад нямецкіх калег агульным коштам больш за 20 тыс. еўра.

Функцыянальныя медыцынскія ложкі з матрацамі, інвалідныя каляскі, дапаможныя хадункі і іншы інвентар для рэабілітацыі, пасцельная бялізна, мэбля, сродкі гігіены перадало і даставіла раённае таварыства «Дыпхольц» горада Зіке Нямецкага Чырвонага Крыжа, з якім віцебскія калегі супрацоўнічаюць ужо больш за 20 гадоў.

У межах візіту замежныя партнёры наведаюць установы аховы здароўя, куды неўзабаве будзе размеркавана абсталяванне і сродкі рэабілітацыі, у прыватнасці, у абласную бальніцу, абласны клінічны спецыялізаваны цэнтр, Глыбокскую і Бешанковіцкую цэнтральныя раённыя бальніцы.

Як сказаў прадстаўнік нямецкага боку, пазаштатны супрацоўнік арганізацыі Ёахім Клаус, на складзе іх рэгіянальнага таварыства знаходзіцца каля сотні медыцынскіх ложкаў, якія яны маюць намер паэтапна даставіць у паўночны край Беларусі. Таксама гатовыя супрацоўнічаць і па іншых напрамках, у тым ліку ў пытаннях падрыхтоўкі і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі, маючы ў гэтым багаты вопыт.

Дарэчы, цяперашні візіт замежных гасцей у абласны цэнтр ужо другі за год, груз на суму 30 тыс. еўра прывезлі яшчэ вясной. Традыцыйна два разы на год прадстаўнікі таварыства «Дыпхольц» прыязджаюць на Віцебшчыну, прычым не з пустымі рукамі.

Як паведамілі ў абласной арганізацыі БТЧК, за ўвесь час супрацоўніцтва нямецкімі партнёрамі была аказана гуманітарная дапамога на агульную суму больш за 500 тыс. еўра. Склад грузу з гадамі не мяняецца – медыцынскае абсталяванне, сродкі рэабілітацыі і гігіены знаходзяць прымяненне ў лячэбных, рэабілітацыйных і сацыяльных установах вобласці.

"Віцебскія весці".