Ідэю Бахціна аб дыялогу культур увасобяць ва ўдзельнікаў навукова-практычнай канферэнцыі ў Віцебску
31 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Ідэю рускага філосафа Міхаіла Бахціна аб дыялогу культур увасобяць у жыццё ўдзельнікі расійска-беларускай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў і студэнцкай моладзі ў Віцебску. З 1 па 2 красавіка ў абласным цэнтры пройдзе першая міжнародная канферэнцыя "Ідэі М.М.Бахціна і праблема гуманізацыі адукацыі", расказала карэспандэнту БЕЛТА каардынатар праекта Любоў Куль.
Каля 140 гасцей з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Саранска, Смаленска будуць прадстаўляць свае даклады і прымуць удзел у рабоце чатырох секцый. Акрамя выступленняў студэнтаў і навучэнцаў, запланаваны даклады вучоных і практыкуючых педагогаў, якія тычацца праблем развіцця міжкультурнай камунікацыі ў адукацыйнай прасторы дзвюх дзяржаў.
Міхаіл Бахцін - адзін з найбуйнейшых мысляроў XX стагоддзя, прызнаны класік у галіне філасофіі і філалогіі. Нарадзіўся ў Расіі, сваю педагагічную дзейнасць пачынаў у Віцебску. У 1920-1922 гадах выкладаў у Віцебскім педагагічным інстытуце і кансерваторыі. З'яўляецца даследчыкам творчасці Рабле і Дастаеўскага. Творчасць апошняга паслужыла для Бахціна штуршком да філасофскага разумення культуры як дыялогу. А гэта, у сваю чаргу, заклала асновы сучаснай культуралогіі. Ідэі Бахціна атрымалі шырокае распаўсюджванне ў Францыі і Японіі.
Арганізатарамі навукова-практычнай канферэнцыі выступаюць віцебскія ВНУ: дзяржаўны ўніверсітэт і дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, а таксама гімназія №4.-0-