Ігар Брыло правёў «прамую лінію» і прыём грамадзян у Шумілінскім раёне
Жыхары рэгіёну звярнуліся да памочніка Прэзідэнта з хвалюючымі іх праблемамі.
Жыхар аграгарадка Мікіціха не згодны з каэфіцыентам «1,3» пры аплаце за газазабеспячэнне. Як патлумачылі мужчыну, дадзены каэфіцыент дзейнічае ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам і змяніць яго ні ў бок памяншэння, ні ў бок павялічэння не ў праве ні мясцовыя ўлады, ні прадстаўнік кіраўніка дзяржавы. Магчыма, трэба ўцяпліць дом, тады і менш спатрэбіцца газу для ацяплення.
Другое пытанне пенсіянера звязана з яго працай егерам у лясніцтве – аб паляванні на дзіка для расіян, якім забаранілі вывозіць здабычу з Беларусі.
– Гэта ветэрынарныя нормы, якія неабходна выконваць, – адзначыў Ігар Брыло. – Магчыма, у будучыні яны будуць зменены, але пакуль дзейнічаюць.
На прыём да памочніка Прэзідэнта прыехалі жыхаркі Віцебска, якія скардзіліся на працяканне даху ў жылым доме на вуліцы Суворава, 25. На неаднаразовыя звароты ў ЖКГ людзям адказваюць, што праблемы ўстаранены, але са столі па-ранейшаму ў дажджлівыя дні цячэ вада, а ў падвале пастаянна сыра.
Ігар Брыло даў даручэнне адказным службам у бліжэйшы час сустрэцца з жыхарамі, дэталёва паглядзець, што неабходна зрабіць.
Маладая жанчына з-за прыхільнасці да спіртнога пазбавілася дваіх непаўналетніх дзяцей, якіх на паўгода забралі з сям'і і накіравалі ў Обальскі сацыяльны прытулак. А з-за даўгоў яе выселілі з інтэрната. Цяпер, па яе словах, яна стала на шлях выпраўлення, уладкавалася на працу і хацела б забраць дзяцей. Але праблема ў жыллі.
Ігар Брыло як варыянт прапанаваў заключыць міравую здзелку з ПМК-70, у веданні якой знаходзіцца інтэрнат, і засяліць жанчыну з дзецьмі. А яна павінна будзе пагашаць доўг і плаціць за камунальныя паслугі.
– Трэба пайсці насустрач маці, якая хоча жыць з дзецьмі. Але і вы павінны ўсвядоміць адказнасць і не паўтараць ранейшых памылак, – звярнуўся да жанчыны памочнік Прэзідэнта.
"Віцебскія весці"https://vitvesti.by/