Ігар Карпенка: Орша стане платформай для развіцця маладзёжных праектаў і ініцыятыў

Игорь Карпенко: Орша станет платформой для развития молодежных проектов и инициатив
Орша ў 2019 годзе стане платформай для падтрымкі і развіцця розных маладзёжных праектаў і ініцыятыў. Пра гэта заявіў на адкрыцці рэспубліканскага свята "Маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь - 2019" і форуму "#БеларусьМаладзьБудучыня" ў Оршы міністр адукацыі Ігар Карпенка.



"На працягу года ў горадзе пройдуць шматлікія абласныя і рэспубліканскія мерапрыемствы. Орша стане платформай для падтрымкі і развіцця розных маладзёжных праектаў і ініцыятыў. Моладзь - самая актыўная, матываваная і адукаваная частка грамадства. Гэта стратэгічны рэсурс развіцця нашай краіны, ёй трэба будзе памнажаць эканамічны і інтэлектуальны патэнцыял Беларусі, захоўваць яе ўнікальную гісторыка-культурную спадчыну, клапаціцца аб яе мірнай будучыні, - адзначыў Ігар Карпенка. - У гэтым годзе ў горадзе пройдзе алімпіяда па геаграфіі, прапрацоўваецца пытанне аб правядзенні тут рэспубліканскага свята "Апошні званок" у Лядовым палацы. Гэты і іншыя праекты дадуць пэўны штуршок для руху моладзі з Оршы ў іншыя рэгіёны і наадварот, паспрыяюць абмену вопытам паміж маладымі людзьмі".

Міністр адукацыі дадаў, што 1 верасня на базе Аршанскага механіка-эканамічнага каледжа адкрыюць рэсурсны цэнтр, дзе лабараторыі і аўдыторыі будуць аснашчаны па апошнім слове тэхнікі. У каледжы таксама адкрылі дзве новыя спецыяльнасці, якія будуць запатрабаваны на аршанскіх заводах. Сімвалічны ключ маладзёжнай сталіцы ўручыла намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ала Галушка старшыні Аршанскага райвыканкама Ігару Ісачэнку. Ён у сваю чаргу перадаў яго прадстаўнікам моладзі Аршанскага рэгіёну. "Такі статус нашага горада да многага абавязвае. Хачу запэўніць, што мы годна пранясем яго праз увесь год. У нашым рэгіёне моладзі 28 тыс. чалавек, з такой сілай і патэнцыялам мы многага дасягнем", - адзначыў Ігар Ісачэнка.


На працягу двух дзён (28 лютага - 1 сакавіка) у Оршы праходзяць мерапрыемствы свята "Маладзёжная сталіца

Рэспублікі Беларусь - 2019". У праграме сустрэча ў адкрытым фармаце удзельнікаў свята з міністрам адукацыі, маладзёжны форум "#БеларусьМаладзьБудучыня", выставы, прэзентацыі, праца інтэрактыўных пляцовак, танцавальны марафон, канцэрт. Гасцей 1 сакавіка чакае экскурсійная праграма "Орша - горад гістарычны...". У першы дзень вясны каля помніка Герою Савецкага Саюза Канстанціну Заслонаву будзе дадзены старт маладзёжнага праекта "75 мірных гадоў".

Статус маладзёжнай сталіцы прысуджаецца городу па выніках рэспубліканскага конкурсу тэрмінам на адзін год, на працягу якога ён атрымлівае магчымасць прадэманстраваць сваю прыхільнасць сучаснай маладзёжнай культуры, лепшыя практыкі па развіцці сацыяльнай, эканамічнай, палітычнай актыўнасці моладзі. Маладзёжная сталіца рэалізуе новыя ідэі, інавацыйныя праекты і становіцца ролевай мадэллю для далейшага развіцця іншых гарадоў. Конкурс "Маладзёжная сталіца Беларусі" праводзіцца чацвёрты год запар. Першымі гэтага ганаровага звання былі ўдастоены Баранавічы, у 2017 годзе эстафету пераняў Полацк, у мінулым годзе - Магілёў. Арганізатарам і ідэйным натхняльнікам конкурсу выступае Міністэрства адукацыі.

БЕЛТА.