Ігар Луцкі: «Друкаваная прэса генеруе кантэнт інфармацыйнай прасторы»

Игорь Луцкий: «Печатная пресса генерирует контент информационного пространства»
«Друкаваная прэса генеруе кантэнт інфармацыйнай прасторы», – такое меркаванне выказаў міністр інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі ў Віцебску на сустрэчы з работнікамі абласной друкарні і мясцовых газет.

─ Яшчэ 10 гадоў таму казалі, што з часам газеты саступяць інтэрнэту, знікнуць. Але яны да гэтага часу жывуць, ─ адзначыў Ігар Уладзіміравіч. ─ Бо ў адрозненне ад артыкулаў на вэб-рэсурсах газетныя матэрыялы больш глыбокія, аналітычныя.

Таксама ішла размова пра ролю СМІ ў няпростым 2020-м – годзе барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі.

─ Гэты перыяд паказаў, наколькі мы дружныя, гатовыя падставіць адно аднаму плячо, прыйсці на выручку ў складанай сітуацыі, ─ сказаў Ігар Луцкі. ─ Усе медыцынскія службы краіны спрацавалі на выдатна. Але самае правільнае рашэнне ─ працягваць працаваць, не спыніліся прадпрыемствы і фабрыкі, бо зноў аднаўляць дзейнасць вельмі складана. І вопыт суседніх дзяржаў гэта паказвае. Сёння ў краіне забяспечаны харчовая бяспека і сацыяльная стабільнасць, функцыянуе шэраг прамысловых гігантаў, ствараюцца новыя вытворчасці. Адкрываюцца сацыяльныя аб'екты. Гэтаму надаецца велізарная ўвага кіраўніка дзяржавы. Я, да прыкладу, спакойны за сваю маці, якая знаходзіцца за 300 кіламетраў ад мяне, і ўпэўнены, што да яе ў выпадку чаго прыедзе хуткая. Ёсць дасягненні ў сферы адукацыі. Моладзь імкнецца да ведаў. Пра гэта сведчаць конкурсы ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Ёсць магчымасць атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю. Таму, думаю, у прыярытэце і застаюцца стабільнасць і паступальны рух наперад.

Ігар Луцкі павіншаваў кіраўніцтва і работнікаў абласной друкарні, якая ўжо 100 гадоў на рынку паліграфічных паслуг, з юбілеем. Лепшым работнікам былі ўручаны дыпломы за шматгадовую добрасумленную працу. Яўгенія Серпікава атрымала нагрудны знак «Выдатнік друку Беларусі». Яна 42 гады адпрацавала на адным прадпрыемстве, пачынала працоўную дзейнасць са спецыяліста па рэтушы, сёння з'яўляецца майстрам друкавальнага цэха.

"Віцебскія весці".