Ігар Петрышэнка азнаёміўся з перспектывамі развіцця Віцебскага абласнога клінічнага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі для інвалідаў, ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў
У першую чаргу Ігар Віктаравіч цікавіўся ходам будаўніцтва новых блокаў, якія пачалі ўзводзіць яшчэ ў далёкім 1997-м. Потым два разы з-за адсутнасці сродкаў будоўлю замарожвалі. Што неабходна зрабіць, каб дадзены аб'ект быў выключаны са спісу доўгатэрміновых будоўляў? Менавіта на гэтым акцэнтаваў увагу намеснік прэм'ер-міністра.
– Мы абмеркавалі далейшыя кіраўніцкія дзеянні. Ёсць карэкціроўкі праектна-каштарыснай дакументацыі, будзе фінансаванне, і разлічваем, што ўсе тры новыя блокі ў наступным годзе будуць уведзены. Гэта дазволіць аказваць дадатковыя паслугі не толькі жыхарам Віцебскай вобласці, але і ўсёй краіне. Паколькі гэта адзіная лячэбная ўстанова, якая займаецца аднаўленнем здароўя ветэранаў, якія ўдзельнічалі ў лакальных баявых дзеяннях. Ад рэабілітацыі залежыць далейшая працаздольнасць чалавека. Гэта паляпшэнне якасці жыцця, чаму дзяржава надае самую пільную ўвагу і выдзяляе сродкі, каб такія цэнтры эфектыўна функцыянавалі на карысць нашых людзей, – адзначыў Ігар Петрышэнка.
Віцебскі абласны клінічны цэнтр створаны ў 1994 годзе. За гэты час, як распавёў галоўны ўрач установы аховы здароўя Ігар Мішчук, тут атрымалі дапамогу каля 73 тыс. пацыентаў. Цэнтр аказвае і платныя паслугі, у тым ліку для замежных грамадзян з блізкага і далёкага замежжа. Рэабілітацыю прайшлі каля двух тысяч чалавек з 18 краін.
– Мы стараемся прымяняць сучасныя метады аднаўлення здароўя. Закупілі эфектыўныя трэнажоры. Адкрылі цэнтр кітайскай медыцыны, трое нашых спецыялістаў праходзілі стажыроўку ў шпіталях Пекіна і цяпер шырока прымяняюць атрыманыя веды, – растлумачыў Ігар Фёдаравіч.
У мінулым годзе цэнтр уключылі ў рэспубліканскую інвестыцыйную праграму, што дазволіць дабудаваць запланаваныя блокі. У новых памяшканнях адкрыецца шматпрофільнае аддзяленне на 60 ложкаў, дзе будуць праходзіць рэабілітацыю, акрамя ветэранаў баявых дзеянняў, жыхары Віцебшчыны. І дадаткова палаты для пацыентаў, якія перанеслі інсульт. Там будуць створаны ўсе ўмовы для людзей з інваліднасцю. Дадаткова адкрыюць кабінеты дэфектолага, лагапеда. Закуплена сучаснае абсталяванне, у прыватнасці, трэнажоры, бескантактавыя масажныя кушэткі, пад'ёмнік у басейн і іншае.
Ігар Петрышэнка азнаёміўся з працай рэабілітацыйнага цэнтра, пагаварыў з пацыентамі, якія выказвалі падзяку людзям у белых халатах. Кіраўніцтву ўстановы паабяцаў дапамогу і ў абнаўленні старога корпуса.