Гульні сапраўдных мужчын: ва Ушачах прайшоў фестываль экстрэмальных відаў спорту
Праграма была разнастайнай. Гэта і этап кубка Беларусі па вейкбордзе, і ралі, і трафі-спрынт на квадрацыклах, і паказальныя выступленні па флайбордзе (дарэчы, гэта від экстрэмальнага спорту, які ўяўляе сабой палёты на спецыяльнай дошцы, што прыводзіцца ў рух за кошт рэактыўнай сілы патоку вады).
Мабыць, галоўнай падзеяй фестывалю стаў турнір па сілавым экстрыме «Багатыры Беларусі». Яго ўдзельнікі зрушвалі з месца аўтамабіль, падымалі цяжкія прадметы і выконвалі іншыя практыкаванні, якія патрабуюць незвычайнай фізічнай сілы. Шматлікія гледачы захапляліся упартасцю і воляй да перамогі багатыроў. У выніку перамог Аляксандр Лабань з Наваполацка.




Праграму прадставілі на мерапрыемстве і ратавальнікі. Работнікі ушацкага падраздзялення МНС разам з супрацоўнікамі раённага аддзела ўнутраных спраў правялі дэманстрацыйны паказ сумесных дзеянняў.
А на воднай роўнядзі возера Вечалле ратавальнікі паказалі ўсім прысутным, як праводзяцца ратавальныя работы на акваторыі: па легендзе кіроўца гідрацыкла губляе раўнавагу, падае з яго і ад атрыманых траўм губляе прытомнасць. Але дзякуючы зладжаным дзеянням групы ратавання на вадзе пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада «Віцязь» кіроўца гідрацыкла быў выратаваны і перададзены брыгадзе хуткай медыцынскай дапамогі.