Ігумення Еўдакія лічыць прысуджэнне ёй прэміі "За духоўнае адраджэнне" ацэнкай укладу Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра
5 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" - гэта перш за ўсё ацэнка дзейнасці манастыра ў імя прападобнай Ефрасінні Полацкай і справа асветы. Так ацаніла ігумення Еўдакія (Любоў Леўшук), настаяцельніца Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку, прысуджэнне ёй гэтай высокай узнагароды ў размове з карэспандэнтам БЕЛТА.
"Мы працягваем справу асветы, пачатую Ефрасіннай, і стараемся рабіць усё, што ў нашых сілах", - сказала настаяцельніца манастыра.
Прэмія "За духоўнае адраджэнне" 2010 года прысуджана ігуменні за значны ўклад у духоўнае адраджэнне Беларусі, выдавецкую, духоўна-асветніцкую дзейнасць, плённую працу па захаванні гісторыка-культурных каштоўнасцей.
З моманту свайго адраджэння ў 1990 годзе манастыр вядзе вялікую выдавецкую дзейнасць, публікуючы матэрыялы аб жыцці прападобнай Ефрасінні Полацкай, гісторыі Полацкай епархіі. Да 100-годдзя перанясення мошчаў святой з Кіева-Пячэрскай Лаўры ў Полацк у 2010 годзе манастыром быў выдадзены альбом "Полацкае радаванне", у якім сабраны ўнікальныя дакументы і фотаздымкі аб гэтай знакавай для вернікаў падзеі, многія з якіх упершыню змагла ўбачыць шырокая публіка. Штогод манастыр наведваюць тысячы паломнікаў.
Па словах манашак, адметнай рысай матухны ігуменні з'яўляецца любоў да людзей незалежна ад таго, веруючы чалавек ці ён толькі шукае дарогу да свайго храма. Яна стараецца дапамагчы кожнаму, умее падбадзёрыць цёплым словам. Любоў Леўшук прыйшла ў манастыр, калі ёй было 20 гадоў, і вось ужо больш за 30 гадоў служыць у імя Госпада. Настаяцельніцай Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра яна стала ў 2004 годзе.
Старшыня Полацкага гарвыканкама Уладзімір Тачыла ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА высока ацаніў заслугі ігуменні ў справе духоўнага адраджэння. "Настаяцельніца Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра - гэта чалавек, які валодае высокімі душэўнымі якасцямі, шчырасцю і працавітасцю, самааддана служыць у імя прападобнай Ефрасінні", - сказаў Уладзімір Тачыла. Яна нямала робіць для таго, каб захаваць не толькі манастырскую абіцель, але і помнікі гісторыі і архітэктуры, што належаць усёй Беларусі, асаблівае месца сярод якіх займае Спаса-Праабражэнская царква, пабудаваная ў XII стагоддзі, як мяркуецца, па задуме нябеснай заступніцы - Ефрасінні. -0-