І.Кавалевіч: пераможца пары "Нафтан" - "Гент" будзе вызначаны ў Бельгіі
16 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Пераможца процістаяння наваполацкага "Нафтана" і бельгійскага "Гента" стане вядомы ў Бельгіі. Такое меркаванне на пасляматчавай прэс-канферэнцыі выказаў галоўны трэнер наваполацкага клуба Ігар Кавалевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я задаволены, як наладзіліся футбалісты на матч і ў цэлым як правялі гульню", - адзначыў настаўнік наваполацкай дружыны. На яго думку, на гульню навапалачан пэўны адбітак наклаў сам факт правядзення першай афіцыйнай гульні на міжнароднай арэне. Трэнерскі план на гульню спрацаваў на 90%, але "Нафтану" не ўдалося захаваць браму ў недатыкальнасці. "Крыўдна прапусціць мяч на 89-й хвіліне", - са шкадаваннем канстатаваў Ігар Кавалевіч. Тым не менш бельгійская каманда апраўдала чаканні трэнерскага штаба "Нафтана", і лёс пуцёўкі ў наступны раунд Лігі Еўропы вырашыцца ў Бельгіі.
Галоўнага трэнера бельгійскага "Гента" вынік не задаволіў, але забіты на апошніх хвілінах мяч дае "Генту" перавагу ў адказным матчы. "Гэта быў наш першы афіцыйны матч у новым сезоне, можа быць таму нашы футбалісты не вельмі праявілі сябе на полі", - лічыць настаўнік бельгійцаў. Разам з тым у другім тайме падапечным Мішэля Прудома ўдалося згуляць крыху лепш. Бельгійская каманда не разлічвала прапусціць два мячы на полі суперніка, аднак настаўнік бельгійцаў адзначыў прыгожы ўдар Аляксандра Дзегцярова.
Адказны матч у Бельгіі пройдзе 23 ліпеня.-0-