Імёны Пятрова, Пугачовай, Ротару, Пахмутавай з'явяцца на "Алеі зорак" у Віцебску
16 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Алея лаўрэатаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" з'явіцца да XVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Яе закладка ўжо пачалася, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама Уладзімір Церанцьеў.
Алея праектавана ў параднай зоне Летняга амфітэатра. Яна будзе добра бачная з усіх аглядных пляцовак. Уваход у алею будзе адкрывацца трыумфальнай аркай, недалёка ад якой усталююць тумбу са павялічанай 80-сантыметровай копіяй статуэткі дзяўчыны-музы з вянком, якая ўручаецца ўсім лаўрэатам. Дэкаратыўным элементам алеі стануць квадраты з паліраванага граніту з сімвалам фестывалю - васільком, імем узнагароджанага і годам, калі яму была ўручана ўзнагарода. Сёлета будуць закладзены пяць імянных пліт - па колькасці ўладальнікаў, уключаючы і лаўрэата 2009 года.
Узнагарода была заснавана ўказам кіраўніка дзяржавы ў 2005 годзе. Яна ўручаецца дзеячам культуры і мастацтва, творчым калектывам, арганізацыям, якія ўнеслі значны ўклад ва ўмацаванне міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, прапаганду дасягненняў і ўзораў сусветнай мастацкай культуры, заснаваных на гуманістычных ідэалах і каштоўнасцях. Першым лаўрэатам прэміі ў 2005 годзе стаў расійскі кампазітар Андрэй Пятроў. У 2006 годзе гэтай узнагароды была ўдастоена Ала Пугачова, у 2007 годзе - Сафія Ратару, у 2008 - Аляксандра Пахмутава.
Першая Алея славы з'явілася ў Галівудзе ў 1960 годзе. Цяпер на Галівудскім бульвары і Вайн-стрыт выкладзена 2,5 тыс. квадратаў з імёнамі знакамітасцей, якіх Гандлёвая палата Галівуда прызнала асобамі, што ўнеслі вялікі ўклад у індустрыю забаў. У Маскве налічваецца 5 зорных алей. Адны з іх ушаноўваюць імёны знакамітасцей па карпаратыўнай прыкмеце, як алеі ля цырка на праспекце Вернадскага і ля кінастудыі "Масфільм", іншыя, як на Арбаце, можна папоўніць уласнымі імёнамі, дастаткова заплаціць пэўную суму. -0-