Імёны выдатных спартсменаў Віцебскай вобласці ўвекавечаны на Алеі алімпійскай славы
3 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Імёны выдатных спартсменаў Віцебскай вобласці ўвекавечаны на Алеі алімпійскай славы і ў Зале спартыўнай славы вобласці. Адкрыццё гэтых аб'ектаў прайшло сёння ў Віцебску падчас семінара Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі, прысвечанага пытанням развіцця алімпійскай адукацыі ў вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэтыя спартсмены стваралі спартыўную славу краіны і навечна ўвайшлі ў летапіс сусветнага алімпійскага руху, з'яўляючыся годным прыкладам для новых пакаленняў беларускіх спартсменаў і моладзі", - адзначыў генеральны дырэктар НАК Яраслаў Барычка на цырымоніі адкрыцця алеі.
Алея алімпійскай славы размясцілася на пляцоўцы каля Цэнтральнага спартыўнага комплексу ў абласным цэнтры. Яе асноўным элементам з'яўляюцца 20 стылізаваных іменных медалёў віцебскіх спартсменаў, якія сталі чэмпіёнамі і прызёрамі Алімпійскіх гульняў у розныя гады. У цырымоніі адкрыцця бюстаў з іменнымі ўзнагародамі прынялі ўдзел віцебскія алімпіёнікі, якія спецыяльна прыехалі ў Віцебск з усіх куткоў свету. На алеі таксама прадугледжаны "белыя плямы" для размяшчэння іменных медалёў будучых віцебскіх чэмпіёнаў. Дэкаратыўнае афармленне алеі выканана з прымяненнем сучасных матэрыялаў і змяшчае алімпійскую сімволіку.
Зала спартыўнай славы вобласці размясціўся непасрэдна ў Цэнтральным спартыўным комплексе. Яго экспанаты прысвечаны гісторыі развіцця спорту на Віцебшчыне і алімпійскага руху, распавядаюць аб удзеле віцебскіх спартсменаў у Гульнях і дасягненнях спартсменаў, якія хоць і не сталі прызёрамі Алімпіяд, але ўнеслі значны ўклад у развіццё і папулярызацыю спорту.
Многія вялікія спартсмены ўжо адгукнуліся на ініцыятыву абласнога прадстаўніцтва НАК і перадалі ў залу свае ўзнагароды і асабістыя рэчы. Сярод экспанатаў - "жоўтая" майка лідара праслаўленай біятланісткі Святланы Парамыгінай, у якой яна перамагла на Кубку свету ў 1994 годзе, чэмпіёнскі пояс знакамітага баксёра Вячаслава Яноўскага, заваяваны ім на Алімпіядзе ў Сеуле. Пры наведванні залы можна будзе даведацца таксама ў цэлым аб відах спорту, аб дзейнасці Нацыянальнага алімпійскага камітэта і яго абласнога прадстаўніцтва. Афармленне залы і прадстаўленая інфармацыя падабраны такім чынам, каб зацікавіць перш за ўсё дзяцей і падлеткаў, спрыяць фарміраванню ў падрастаючага пакалення цікавасці да спорту, патрэбы ў занятках фізічнай культурай, а таксама развіваць алімпійскую адукацыю.
Праект рэалізаваны Прадстаўніцтвам НАК Беларусі ў Віцебскай вобласці пры падтрымцы аблвыканкама і гарвыканкама.-0-