Імянная зорка Анатоля Ярмоленкі заззяла на Алеі зорак «Славянскага базару ў Віцебску».
Алея зорак "Славянскага базару ў Віцебску" сёлета папоўнілася новай іменнай зоркай Анатоля Ярмоленкі.
Іменны васілёк даўняга сябра "Славянскага базару" стаў 18-м на Алеі зорак. Народны артыст Беларусі і кіраўнік заслужанага калектыву Беларусі ансамбля "Сябры" Анатоль Ярмоленка сёлета стане ўладальнікам спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". Імя праслаўленага беларускага артыста не толькі ярка ззяе зорным россыпам у гісторыі айчыннага выканальніцкага мастацтва, але і выклікае прамую асацыяцыю з эстрадай Сінявокай. "Алеся", "А я лягу-прылягу", "Шуміце бярозы" - усе любімыя і блізкія сэрцу кампазіцыі, якія хочацца спяваць у любым настроі і тым больш у добрай кампаніі верных сяброў.

Анатоль Ярмоленка адзначыў, што ён вельмі ганарлівы і шчаслівы атрымаць такую ўзнагароду, але лепш за ўсе словы за яго скажа адна з песень "Сяброў" - "Нашы песні - як наша жыццё", якую ён выканаў на цырымоніі разам са сваім родным калектывам.

