Імянныя дворыкі райцэнтраў могуць з'явіцца ў Віцебску

23 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Стварыць у новых мікрараёнах Віцебска двары раённых цэнтраў прапанаваў сёння на выязным пасяджэнні прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў старшыня Віцебскага гарсавета Мікалай Смунёў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

   "Было б выдатна, калі б у абласным цэнтры з'явіліся Мёрскі дзіцячы сад або Верхнядзвінскі, якія адрозніваліся б мясцовым каларытам. Гэта спадабаецца і жыхарам, і гасцям горада", - упэўнены Мікалай Смунёў. Прэзідыум аблсавета і кіраўнікі раённых саветаў дэпутатаў падтрымалі гэту ініцыятыву, прапанаваўшы, у сваю чаргу, у кожным райцэнтры стварыць па Віцебскім дзіцячым садзе. 

   На выязным пасяджэнні прэзідыума аблсавета разглядаўся ход рэалізацыі праграмы "Двары" ў абласным цэнтры. Як адзначыў старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый цесна звязана з пытаннямі жыццядзейнасці людзей, таму ўлады надаюць гэтай праблеме пільную ўвагу. Ствараючы гарадскую праграму "Двары", выканкам і дэпутацкі корпус улічылі пажаданні жыхароў і вырашылі комплексна падыходзіць да пытанняў рамонту і добраўпарадкавання прыдамавых тэрыторый, наводзячы парадак у цэлых мікрараёнах.

   У бягучым годзе комплекснаму добраўпарадкаванню падлягаюць 14 дваровых тэрыторый. На гэтыя мэты накіравана Br5,2 млрд. Асфальтабетоннае пакрыццё запланавана адрамантаваць у 174 дварах, з якіх у 47 работы ўжо праведзены.

   У 2010 годзе капітальна адрамантаваны 8 дваровых тэрыторый, у 328 дварах выкананы работы па рамонце асфальтабетоннага пакрыцця тэрыторый, пешаходных дарожак, тратуараў агульнай плошчай 186,75 тыс. кв.м. на агульную суму Br5,2 млрд.

        Жыллёвы фонд, які абслугоўваецца службамі унітарнага камунальнага вытворчага прадпрыемства "Віцебскае гарадское ЖКГ", складаецца з 1851 жылога дома, якія маюць 908 дваровых тэрыторый.-0-