Імя Ўладзіміра Мулявіна і ансамбля «Песняры» ушанавана на «Алеі зорак» у Віцебску

9 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Імя Уладзіміра Мулявіна і Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры" увекавечана сёння ў Віцебску на алеі лаўрэатаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення", перадае карэспандэнт БЕЛТА. Спецыяльная ўзнагарода будзе ўручана "Песнярам" сёння на ўрачыстым адкрыцці XIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Адкрываючы іменную зорку артыста, міністр культуры Павел Латушка параўнаў яго з анёлам, які спусціўся на зямлю Беларусі, каб захаваць самабытную культуру. "У дзяцінстве Мулявін навучыў мяне беларускай песні, у юнацтве - разумець, што я беларус, у сталасці - маліцца за Беларусь", - прызнаўся Павел Латушка. Імя Мулявіна назаўжды застанецца ў нацыянальнай культуры. Народны артыст СССР Ігар Лучанок распавёў пра творчую дружбу з Уладзімірам Мулявіным, а ансамбль "Песняры" у гонар свайго заснавальніка выканаў паланэз Агінскага. "Алея зорак" адкрыта летась каля эпіцэнтра фестывальных падзей "Славянскага базару ў Віцебску" - амфітэатра. На ёй закладзены зоркі, дакладней іменныя васількі, уладальнікаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі "Праз мастацтва да міру і ўзаемаразумення": Андрэя Пятрова, Аляксандры Пахмутавай, Сафіі Ратару, Алы Пугачовай, Валерыя Лявонцьева. -0-