Імпартазамяшчэнне будзе адным з асноўных напрамкаў эканамічнага развіцця Беларусі ў будучай пяцігодцы - А.Лукашэнка

26 лістапада, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Імпартазамяшчэнне будзе адным з асноўных напрамкаў эканамічнага развіцця Беларусі ў будучай пяцігодцы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння падчас наведвання СЭЗ "Мінск", перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Не трэба ўвозіць зубачысткі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Па словах кіраўніка дзяржавы, яркім прыкладам эфектыўнага імпартазамяшчэння з'яўляецца дзейнасць беларуска-шведскага сумеснга прадпрыемства "Бака Бісаў", якое з'яўляецца рэзідэнтам СЭЗ "Мінск". Яно зарэгістравана ў снежні 2006 года, заснавальнікамі з'яўляюцца шведская кампанія "Бака Бісаў Свенска Эй Бі" (98%) і беларускае ПП "Бака Інструменты" (2%). Сумесным прадпрыемствам рэалізуецца на тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны "Мінск" інвестыцыйны праект "Будаўніцтва завода па вытворчасці біметалічных стужкавых піл". Яго ўзвядзенне было пачата восенню 2008 года, і ў студзені 2010 года завершаны першы пускавы комплекс, які ўключае адміністрацыйна-бытавы і вытворчы корпусы. Другі этап будаўніцтва завершыцца не пазней 2012 года. СП "Бака Бісаў" валодае унікальнай тэхналогіяй і абсталяваннем для вытворчасці біметалічных стужкавых піл, аналагаў якім няма ў краінах СНД. Дзякуючы высокай якасці прадукцыя, якая вырабляецца, мае пастаянны попыт, яе выкарыстоўваюць у 130 краінах свету. Дадзенае экспартаарыентаванае СП з'яўляецца высокатэхналагічным і інавацыйным. Як праінфармавалі Прэзідэнта, нягледзячы на тое, што будаўніцтва завода прыйшлося на разгар сусветнага эканамічнага крызісу, ніякіх збояў з інвестыцыямі не было. Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў дзейнасць СП "Бака Бісаў" свабоднай эканамічнай зоны "Мінск". Кіраўнік дзяржавы таксама азнаёміўся з дзейнасцю СААТА "АлюмінТэхно" і ТАА "Алютэх Інкарпарэйтэд". -0-