Інфармацыйная кампанія "Жыццё - без алкаголю!" пройдзе ў Віцебскай вобласці 3-7 верасня

28 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Інфармацыйная кампанія "Жыццё - без алкаголю!" пройдзе ў Віцебскай вобласці 3-7 верасня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным клінічным цэнтры псіхіятрыі і наркалогіі. Мерапрыемства праводзіцца ў ходзе выканання Дзяржаўнай праграмы нацыянальных дзеянняў па папярэджанні і пераадоленні п'янства і алкагалізму на 2011-2015 гады. Яно ўключае кансультаванне насельніцтва на базе розных медустаноў, наведванне спецыялістамі працоўных калектываў, распаўсюджванне тэматычнай літаратуры, буклетаў і лістовак, сустрэчы з педагогамі навучальных устаноў для актывізацыі намаганняў, накіраваных на прафілактыку ўжывання спіртных напояў у моладзевым асяроддзі, і шэраг іншых мер. "Праблема п'янства і алкагалізму для з'яўляецца адной з найбольш актуальных. На жаль, у масавай свядомасці і побытавай культуры насельніцтва, асабліва моладзі, сфарміраваўся ўстойлівы сацыяльна-псіхалагічны стэрэатып, згодна з якім спажыванне алкагольных напояў разглядаецца як натуральны, сучасны стандарт паводзінаў, адзін з відаў "адпачынку", спосаб зняцця нагрузак. Інфармацыйная кампанія "Жыццё - без алкаголю!" заклікана супрацьстаяць гэтай глыбока памылковай думцы", - канстатавалі спецыялісты. У цэнтры таксама адзначылі, што ўзровень спажывання алкагольных напояў у Віцебскай вобласці працягвае заставацца высокім. Так, на 1 ліпеня гэтага года пад назіраннем наркалогаў у лячэбна-прафілактычных установах рэгіёну знаходзілася 33,7 тыс. чалавек (за аналагічны перыяд 2011 года - 35 тыс.), з іх на дыспансерным уліку з дыягназам алкагольная залежнасць - 22,5 тыс. жыхароў (адпаведна - 23,5 тыс.), на прафілактычным назіранні з нагоды ўжывання алкаголю з шкоднымі наступствамі стаяць 11,1 тыс. чалавек (11,5 тыс.). Захворванне на алкагольную залежнасць за першае паўгоддзе склала 126,2 чалавека на 100 тыс. насельніцтва, што на 13% ніжэй за аналагічны перыяд мінулага года. Сярод назіраных асоб з наркалагічнымі праблемамі амаль 1,9 тыс. складаюць непаўналетнія, з іх 7 чалавек са сфарміраванай залежнасцю (за аналагічны перыяд 2011 года адпаведна 2,1 тыс. і 8 чалавек). Ад атручвання алкаголем і яго сурагатамі ў вобласці за 6 месяцаў гэтага года памерла 156 жыхароў, што ніжэй за ўзровень 2011 года на 7,4%. У медвыцвярэзнікі вобласці за 7 месяцаў дастаўлена 10,1 тыс. чалавек, у ЛПП накіравана 550 жыхароў. У мэтах скарачэння распаўсюджвання алкагалізацыі насельніцтва распрацаваны і праводзіцца комплекс мер, якія забяспечваюць эфектыўную прафілактыку і лячэнне наркалагічных расстройстваў. У Віцебскай вобласці рэалізуюцца сацыяльныя праграмы на ўсе ўзроставыя групы, накіраваныя на замяшчэнне і выцясненне дэвіянтных паводзінаў іншай сацыяльна пазітыўнай дзейнасцю. Праводзіцца маніторынг дэмаграфічнай сітуацыі з карэкцыяй змяненняў і выпрацоўкай пэўных рашэнняў і рэкамендацый для арганізацый аховы здароўя і выканкамаў. Укаранёна ў практыку першаснага медыцынскага звяна праца па прафілактыцы, выяўленні і кансультаванні асоб з праблемным ужываннем алкаголю пры цесным узаемадзеянні са службай псіхічнага здароўя. Акрамя таго, ствараная сістэма ранняга выяўлення спажыўцоў псіхаактыўных рэчываў. Забяспечана даступнасць комплекснага абследавання і аказання кваліфікаванай псіхалагічнай, медыцынскай, педагагічнай і сацыяльнай дапамогі, наступная рэабілітацыя залежных асоб. Пры працы з абавязанымі асобамі і неспрыяльнымі сем'ямі, якія маюць непаўналетніх дзяцей, Віцебскі абласны клінічны цэнтр псіхіятрыі і наркалогіі пры неабходнасці аказвае высокатэхналагічную наркалагічную дапамогу, у тым ліку розныя методыкі "кадзіравання", на льготных умовах і на бясплатнай аснове. Распрацаваны план узаемадзеяння ўстаноў аховы здароўя і органаў унутраных спраў Віцебскай вобласці па папярэджанні наркалагічных і псіхічных захворванняў і іх наступстваў на 2011-2015 гады. Сумесна з УУС і ўпраўленнем гандлю Віцебскага аблвыканкама ў гэтым годзе ў рэгіёне праводзіцца эксперымент па абмежаванні продажу алкаголю ў Гарадоцкім, Талачынскім, Чашніцкім і Шаркаўшчынскім раёнах.