Інфармацыйна-забаўляльны праект "Як правесці выхадныя ў Полацку" будзе рэалізаваны 17-18 мая

Информационно-развлекательный проект "Как провести выходные в Полоцке" будет реализован 17-18 мая

Інфармацыйна-забаўляльны праект "Як правесці выхадныя ў Полацку" будзе ўпершыню рэалізаваны ў старажытным беларускім горадзе 17-18 мая, паведамілі БЕЛТА ў Полацкім райвыканкаме.

"Маладая пара палачан, якія збіраюцца ў найбліжэйшы час стаць мужам і жонкай (заявы ўжо пададзены ў ЗАГС), запрашаюць да сябе ў госці пару будучых маладажонаў з Оршы з тым, каб разам правесці ў Полацку выхадныя. Падзеі і атмасфера гэтых дзён дапамогуць маладым людзям больш даведацца адзін аб адным і правесці час з карысцю для будучых саюзаў", - распавялі ў райвыканкаме.

У праграме сумеснай праграмы выхадных аглядная пешая прагулка па Полацку (помнік камсамольцам, помнік Францыску Скарыну, помнік Сімяону Полацкаму, помнік "Ў", плошча Свабоды, помнік 1812 года, помнік Ефрасінні Полацкай, Чырвоны мост, Барысаў камень ля Сафійскага сабора, крыніца ля падножжа Сафійскага сабора), знаёмства з рыцарскім мастацтвам (наведванне музея сярэднявечнага рыцарства і майстар-клас па валоданні мячом), наведванне спартзалы, рамантычная вячэра, фотасесія.

Задачамі праекта з'яўляюцца прапаганда сямейных каштоўнасцей, псіхалагічная падрыхтоўка да вяселля і жыцця ў шлюбе, дэманстрацыя годнага прыкладу арганізацыі вольнага часу моладзі ў найстаражытнейшым гасцінным горадзе, прыцягненне да ўдзелу ў маладзёжных праектах жыхароў іншых рэгіёнаў вобласці.

"Зараз усё менш маладых людзей спяшаюцца звязаць сябе путамі шлюбу, прапагандуючы вольныя адносіны. Часцей за ўсё такія сітуацыі ўзнікаюць у сувязі з тым, што яны баяцца браць адказнасць за гэты сур'ёзны крок і аўтаматычна перайсці на новы ўзровень у адносінах. Сакрэт шчаслівага сямейнага жыцця заключаецца ў абазначанасці сваіх мэт, сфармаванай асобы і ўзаемнасці пачуццяў", - упэўнены ў райвыканкаме.

Арганізатарам праекта з'яўляецца аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, партнёрамі выступаюць аўтобусны парк, служба таксі, Віцебскі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па вяслярных відах спорту, музей сярэднявечнага рыцарства, стыль-студыя, вясельны салон, салон лічбавога фота, конны клуб.

Алена Ціханава