Інфармацыйныя цэнтры па ўстойлівым развіцці і "зялёных маршрутах" будуць створаны ў рэгіёнах Беларусі

15 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Інфармацыйныя цэнтры па ўстойлівым развіцці і турыстычныя "зялёныя маршруты" будуць створаны ў беларускіх рэгіёнах, якія найбольш актыўна ўключацца ў распрацоўку мясцовых стратэгій устойлівага развіцця. Гэта прадугледжвае новы сумесны праект Еўрапейскай камісіі і ПРААН "Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні", паведаміў кіраўнік праекта Дзмітрый Фрышчын сёння на семінары ў Віцебску па практычных аспектах рэалізацыі праекта ў Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Асноўнай задачай такіх цэнтраў стане прадастаўленне жыхарам рэгіёнаў інфармацыі па ўстойлівым развіцці - эфектыўнаму кіраванню, што задавальняе ўласныя патрэбы без шкоды для экалогіі і інтарэсаў будучых пакаленняў, а таксама па ўкараненні ў рэгіёнах "Мясцовых парадкаў-21" - стратэгій па павышэнні якасці і ўзроўню жыцця на месцах. Акрамя асветніцкіх функцый цэнтры маюць намер праводзіць работу па залучэнні іншых рэгіёнаў у дзейнасць па распрацоўцы "Мясцовых парадкаў-21" і арганізацыі "зялёных маршрутаў", тым самым забяспечваючы пэўную пераемнасць у рэалізацыі праекта. Асноўнай жа яго мэта - павышэнне патэнцыялу беларускіх рэгіёнаў у падрыхтоўцы і рэалізацыі "Мясцовых парадкаў-21", уключаючы развіццё экалагічных турыстычных маршрутаў ("зялёных маршрутаў"). Ён прызначаны дапамагчы мясцовым супольнасцям у выяўленні сваіх уласных праблем, вызначэнні шляхоў іх вырашэння, а таксама мабілізацыі ўнутраных і знешніх рэсурсаў для распрацоўкі рэгіянальных ініцыятыў і праграм. Праект прадугледжвае аказанне міжнароднай падтрымкі ў падрыхтоўцы і афармленні стратэгій па ўстойлівым развіцці рэгіёнаў, навучанне прадстаўнікоў ініцыятыўных груп па распрацоўцы такіх планаў. Таксама плануецца фарміраваць прапановы ў нацыянальную нарматыўна-прававую базу па ўстойлівым развіцці, аказваць дапамогу ў абмене вопытам з суседнімі краінамі. У семінары прынялі ўдзел прадстаўнікі структурных падраздзяленняў Віцебскага аблвыканкама, раённых выканкамаў, а таксама турыстычных прадпрыемстваў і грамадскіх арганізацый. У ходзе мерапрыемства былі абмеркаваны магчымасці выкарыстання праграм "Мясцовых парадкаў-21" і "Зялёных маршрутаў" для ўдасканалення сацыяльна-эканамічнага і экалагічнага развіцця вобласці. Таксама быў праведзены папярэдні адбор перспектыўных рэгіёнаў вобласці для аказання падтрымкі, у тым ліку фінансавай, у распрацоўцы мясцовых стратэгій устойлівага развіцця і "зялёных маршрутаў".-0-