Інавацыі і творчасць навучэнцаў і работнікаў адукацыі прадстаўлены на выставе ў Віцебску
Велізарная колькасць намінацый — ад электронікі і машынабудавання да арт-аб'ектаў і садова-паркавага дызайну — дазваляе шырока прадставіць інтэлектуальны, творчы і інавацыйны патэнцыял навучэнскай моладзі і педагогаў Прыдзвінскага краю. Усе ўдзельнікі імкнуцца паказаць лепшае, уразіць журы і адзін аднаго ўзроўнем майстэрства і крэатыўнасцю падыходаў. Сёлетняя выстава таксама атрымалася маштабнай і шматграннай. У яе ўвайшлі вырабы з лазы, металу, тканіны і скуры, кераміка ў сучаснай інтэрпрэтацыі, драўляная скульптура і мэбля, макеты будынкаў, дзеючыя прыборы і многае іншае.
Наведаўшы экспазіцыю, намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў адзначыў, што ўражвае колькасць неверагодных ідэй, увасобленых у рэальнасць.
— Творчых людзей у нас у сістэме адукацыі вельмі шмат, — падкрэсліў ён. — І важна, што гэта творчасць перадаецца педагогамі вучням, дзецям. Прадстаўленыя тут ідэі, вядома, фенаменальныя. Яшчэ лепш, калі гэта выльецца потым у вытворчасць. А так і адбудзецца, таму што рабяты, якія зараз вучацца, стануць у будучыні вырабляць усе матэрыяльныя даброты для нашай краіны і яе жыхароў.
Адной з асаблівасцей цяперашняй экспазіцыі — тэматычная сервіроўка сталоў, падрыхтаваная Віцебскім дзяржаўным індустрыяльным каледжам: «Наша памяць» і «Году якасці — якасная адукацыя». А Полацкі дзяржаўны хіміка-тэхналагічны каледж прывёз, мабыць, самую смачную выставу. На ёй можна ўбачыць імбірны самавар з чайным сервізам, зефірны букет, напісаныя ўручную карціны на шакаладзе.
Выклікаюць цікавасць і тэхнічныя навінкі. Напрыклад, робат-паліроўшчык шклянак, які можа быць карысны ў працы афіцыянта, або прыбор «Смарт-тэрмометр», здольны атрымліваць звесткі пра надвор'е з розных сервераў і агучваць гэтыя даныя.
Пэўныя навучальныя ўстановы бяруць удзел адразу ў дзясятках намінацый, прычым абсалютна розных. Так, з Віцебскага дзяржаўнага тэхнікума лёгкай прамысловасці і тэхналогій паступіла восем экспанатаў на выставу тэхнічнай творчасці (дыярама «Блокпост» на ваенную тэматыку, інтэрактыўны стэнд, электронныя адукацыйныя рэсурсы і г.д.), і ў той жа час установа падрыхтавала эфектную і як ніколі вялікую эксзіцыю мастацкай накіраванасці — яе склалі 18 калекцый. Асноўнымі матэрыяламі для апошніх паслужылі скура і дрэва, здзіўляючы то нечаканасцю спалучэнняў, то філіграннасцю апрацоўкі, то каляровым або кампазіцыйным рашэннем. Напрыклад, калекцыя сумак і лялек «Беларускі падворак», заснаваная на нацыянальных матывах, размясцілася ў стылізаванай калясцы на фоне «Дрэва жыцця» з незвычайна ўпрыгожанымі шпакоўнямі. Пры стварэнні серыі «Экастайл» у тэхнікуме зрабілі стаўку на спалучэнне скуры з ільном і новыя спосабы зборкі нарыхтовак. А абутак, касметычкі і сумкі калекцыі «Ювелірныя традыцыі» адметныя тым, што выкананы ў залатых і сярэбраных танах. Побач з драўлянымі разьбянымі пано размешчана карціна ў японскай тэхніцы «кінусайга» — праўда, анучкі тканіны майстар замяніла скуранымі. А карэта-бар з гарбузамі і скульптурнымі выявамі мышэй, здаецца, сляцела са старонак казкі пра Попелюшку.
Свае шматгранные дасягненні дэманструе і Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж. Там падрыхтавалі 28 экспанатаў для выстаўкі мастацкай і дэкаратыўна-прыкладной накіраванасці і 33 — у сферы тэхнічнай творчасці. З першых нельга не адзначыць калекцыю карцін, выкананых у розных тэхніках, і ўражлівыя арт-аб'екты з металу, якія часта спалучаюць як эстэтычнае, так і цалкам практычнае значэнне. Хата бабы Ягі, напрыклад, — гэта мангал і капяльня. А створанымі ў стылі стымпанк шахматнымі фігуркамі з аўтакампанентаў цалкам можна разыграць партыю на стале з металічнай асновай, які ідзе ў камплекце з імі.
Аднак самай моцнай стараной гэтага каледжа лічыцца ўсё ж тэхнічная. Для цяперашняй выстаўкі таксама было падрыхтавана шмат цікавага: дэталёва прапрацаваныя макеты Мірскага замка і касцёла Святога Антонія, свяцільня-левітрон, кампактная прылада гукавога апавяшчэння, здольная выдаваць вельмі гучны рэзкі гук і прызначаная для адпужвання жывёл.
Карыснай распрацоўкай з'яўляецца бранзалет для слабавідушчых. Датчыкі, якія ўваходзяць у камплект, можна замацаваць на любой паверхні і адпаведным чынам запраграмаваць. У выніку бранзалет, набліжаючыся да іх, будзе папярэджваць свайго ўладальніка, што менавіта знаходзіцца побач — кружка, дзверы ці халадзільнік, растлумачыў дырэктар каледжа Аляксандр Ласякін. Яшчэ адзін неардынарны экспанат — крэсла-трансформер «Мара-1», якое спатрэбіцца ў майстэрні. Яно невялікае, але вельмі функцыянальнае. Гэту рэч можна выкарыстоўваць як крэсла падкатнае, вазок для перамяшчэння грузаў, ляжак падкатны і нізкі крэсла-вазок з высоўнай паліцай для інструментаў. Унутр убудаваны вольтметр, масажная падушка, блок харчавання і крыніца асвятлення, а абіўка выканана з антывандальнага матэрыялу. Вось ужо сапраўды — не мэбля, а мара любога майстра!
Пералічыць усе цуды выстаўкі немагчыма, самае лепшае — убачыць усё на свае вочы. Зрабіць гэта можна ў працоўныя дні з 9 да 17, а ў суботу — з 9 да 14 гадзін.