Інавацыі на мясцовай сыравіннай базе забяспечаць новую якасць развіцця малых гарадоў - удзельнік УНС

17 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Выкарыстанне мясцовай сыравіннай базы для стварэння вытворчасцей інавацыйных прадуктаў здольна забяспечыць новую якасць развіцця малых гарадоў. Такое меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў дырэктар ААТ "Даламіт", дэпутат Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў, удзельнік IV Усебеларускага народнага сходу Іван Бабак. Паводле яго слоў, у Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады нароўні з маштабнымі задачамі па мадэрнізацыі прадпрыемстваў зроблены акцэнт на актыўнае ўкараненне інавацыйных тэхналогій, навуковых распрацовак, у тым ліку прадугледжваючых выкарыстанне мясцовай сыравіннай базы, глыбокую перапрацоўку здабываемай прыроднай сыравіны. У сувязі з гэтым прадугледжваецца надаць асаблівую ўвагу рэалізацыі інавацыйных праектаў у малых гарадах, развіццё якіх застаецца ў ліку прыярытэтаў на будучую пяцігодку, падкрэсліў дырэктар "Даламіту". "Гэта ў сваім выступленні на IV Усебеларускім народным сходзе адзначыў Прэзідэнт, надаўшы пільную ўвагу неабходнасці ўкаранення перадавых тэхналогій выкарыстання мясцовых сыравінных рэсурсаў як адной з умоў забеспячэння новай якасці жыцця ў рэгіёнах", - сказаў Іван Бабак. Праграма інавацыйнага развіцця ААТ "Даламіт" на 2011-2015 гады прадугледжвае ўкараненне тэхналогій для атрымання канчатковага прадукту з высокім дабаўленым коштам. Прадпрыемству трэба будзе моцна папрацаваць над скарачэннем вытворчых выдаткаў, у тым ліку зніжэннем энергаспажывання, а таксама працягнуць дыверсіфікацыю вытворчасці і асваенне выпуску новых відаў высокатэхналагічнай прадукцыі. Адзін з перспектыўных праектаў па мадэрнізацыі вытворчасці прадугледжвае ўкараненне энергаэфектыўнай тэхналогіі вытворчасці даламітавай мукі, якая займае каля 60% у агульным аб'ёме прадукцыі, што вырабляецца, а таксама запуск кагенерацыйнай устаноўкі для вытворчасці электраэнергіі для ўласных патрэб. Таксама плануецца стварэнне вытворчасці абпаленага даламіту для металургічнай прамысловасці, яшчэ адной навінкай прадпрыемства стане вапна з даламіту, якая ў далейшым можа выкарыстоўвацца ў якасці сыравіны для вытворчасці будматэрыялаў. Папярэдні кошт трох інавацыйных праектаў на будучую пяцігодку ацэньваецца ў суму каля Br200 млрд. ААТ "Даламіт" працуе на мясцовай сыравіне і размешчана ў гарадскім пасёлаку Руба пад Віцебскам, з'яўляецца горадаўтваральным прадпрыемствам. Іван Бабак упэўнены, што напружаная, ініцыятыўная праца ўсяго калектыву дазволіць рэалізаваць намечанае, а значыць, і забяспечыць паспяховае развіццё гарадскога пасёлка.-0-