Інавацыі ў адукацыі абмяркуюць спецыялісты з 5 краін на канферэнцыі ў Віцебску

11 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Інавацыйныя працэсы ў адукацыі, тэхналогіі і методыкі арганізацыі інавацыйнай дзейнасці навучальных устаноў будуць абмяркоўвацца на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Педагагічныя інавацыі: традыцыі, вопыт, перспектывы", якая пройдзе 12 мая ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.Машэрава. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла загадчыца кафедры педагогікі ўніверсітэта, дацэнт, кандыдат педагагічных навук Наталля Ракава. У навуковым форуме прымуць удзел больш за 100 вучоных, выкладчыкаў навучальных устаноў Расіі, Украіны, Польшчы, Кітая, а таксама прадстаўнікі ВНУ ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Асноўнай мэтай канферэнцыі з'яўляецца асэнсаванне інавацыйных працэсаў, якія адбываюцца ў сістэме адукацыі краіны, абагульненне назапашанага вопыту для яго выкарыстання ў практыцы работы навучальных устаноў. На канферэнцыі будуць разгледжаны тэарэтычныя і метадалагічныя пытанні педагагічнай інаватыкі, арганізацыі інавацыйнай дзейнасці ў вышэйшай школе і падрыхтоўкі будучых педагогаў да яе рэалізацыі ва ўмовах розных тыпаў навучальных устаноў. Спецыялісты абмяркуюць праблемныя аспекты ўкаранення шматузроўневай сістэмы прафесійна-педагагічнай падрыхтоўкі, фарміравання інавацыйнай культуры педагагічных кадраў. Удзельнікі форуму падзеляцца вопытам рэалізацыі інавацыйных тэхналогій у навучальных установах, напрацоўкамі па ўкараненні наватараўскіх ідэй у навучальны працэс, а таксама пазнаёмяцца з вопытам замежных краін па інавацыях у адукацыйнай сферы. Арганізатарамі канферэнцыі выступаюць Міністэрства адукацыі Беларусі, упраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама і Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава.-0-