Інавацыі ў адукацыйнай сферы абмяркуюць спецыялісты з 5 краін на канферэнцыі ў Віцебску
25 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Інавацыйныя працэсы ў адукацыйнай сферы, тэхналогіі і методыкі арганізацыі інавацыйнай дзейнасці навучальных устаноў будуць абмяркоўвацца на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Педагагічныя інавацыі: традыцыі, вопыт, перспектывы", якая пройдзе 27-28 мая ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.Машэрава. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла загадчыца кафедры педагогікі ўніверсітэта, дацэнт, кандыдат педагагічных навук Наталля Ракава.
Да тэматыкі навуковага форуму праявілі цікавасць больш за сотню вучоных, выкладчыкаў навучальных устаноў Расіі, Украіны, Польшчы, Кітая, а таксама прадстаўнікі ВНУ ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Асноўнай мэтай канферэнцыі з'яўляецца асэнсаванне інавацыйных працэсаў, якія праходзяць у сістэме адукацыі краіны, абагульненне назапашанага вопыту для далейшага яго выкарыстання ў практыцы работы навучальных устаноў усіх тыпаў, адзначыла Наталля Ракава. У ходзе канферэнцыі будуць разгледжаны тэарэтычныя і метадалагічныя пытанні педагагічнай інаватыкі, праблемныя аспекты ўкаранення шматузроўневай сістэмы прафесійна-педагагічнай падрыхтоўкі, інавацыйнай культуры педагагічных кадраў.
Удзельнікі форуму падзеляцца вопытам рэалізацыі інавацыйных тэхналогій у навучальных установах, напрацоўкамі па ўкараненні наватараўскіх ідэй у навучальны працэс, а таксама пазнаёмяцца з адпаведным вопытам іншых краін. Вядомы віцебскі педагог, заслужаны работнік адукацыі Беларусі Міхаіл Волкаў правядзе майстар-клас па тэхналогіях навучання.
Арганізатарамі канферэнцыі выступаюць Міністэрства адукацыі Беларусі, упраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама і Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава.-0-