Інавацыі ў розных сферах абмяркуюць маладыя навукоўцы на канферэнцыі ў Віцебску

27 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 50 маладых вучоных і аспірантаў прадставяць вынікі ўласных навуковых даследаванняў і перспектыўныя тэхналагічныя распрацоўкі на рэспубліканскай навукова-тэхнічнай канферэнцыі "Інавацыі ў навуцы, прамысловасці і адукацыі", якая адкрыецца 28 кастрычніка ў Віцебску. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Інстытуце тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі. Мерапрыемства заклікана стаць пляцоўкай для абмеркавання інавацыйных метадаў, матэрыялаў і тэхналогій для розных галін прамысловасці і адукацыі, якія распрацоўваюцца маладымі беларускімі вучонымі, і садзейнічаць стварэнню базы для правядзення імі сумеснай работы ў розных навуковых напрамках. У форуме возьмуць удзел спецыялісты навуковых, навучальных і даследчых цэнтраў, а таксама тыя, хто працуе непасрэдна ў рэальным сектары эканомікі, маюць напрацоўкі ў галіне прымянення энерга- і рэсурсазберагальных тэхналогій, спецыялізуюцца на стварэнні матэматычнага, праграмнага і інфармацыйнага забеспячэння інтэлектуальных сістэм і ў іншых галінах навукі. Тэматыка двухдзённай канферэнцыі ахоплівае шырокае кола напрамкаў і сфер навуковай дзейнасці. Так, увазе ўдзельнікаў канферэнцыі будуць прапанаваны для дыскусій пытанні павышэння інавацыйнай актыўнасці прадпрыемстваў, стварэння тэхналогій апрацоўкі матэрыялаў, новых матэрыялаў і іх пакрыццяў, прымянення інфармацыйных тэхналогій у розных сферах чалавечай дзейнасці. Маладыя вучоныя прадставяць свае ідэі і напрацоўкі па выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій у працэсе падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў розных галін, кіраўніцкія інавацыі для прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі, фундаментальныя асновы вырашэння шэрагу праблем у ветэрынарыі і сельскай гаспадарцы, распрацоўкі абсталявання і тэхналогій для прамысловай вытворчасці. Вынікі канферэнцыі будуць садзейнічаць развіццю навуковага патэнцыялу Віцебскай вобласці і ў цэлым Беларусі, а таксама стварэнню кааперацыйных сувязей паміж маладымі вучонымі, якія спецыялізуюцца на рознай тэматыцы даследаванняў, для стварэння новых ведаў і распрацовак на стыку навуковых напрамкаў. Арганізатарам канферэнцыі выступае Інстытут тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі. -0-