Інавацыйныя праекты прадставяць на гарадскім этапе "100 ідэй для Беларусі" у Віцебску

У цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Горкага ў Віцебску сёння пройдзе гарадскі этап рэспубліканскага маладзёжнага праекта БРСМ "100 ідэй для Беларусі", паведамілі ў абласным камітэце моладзевага аб'яднання.

Занальныя этапы праекта ўжо прайшлі ў Наваполацку, Глыбокім і Дубровне, дзе экспертамі было разгледжана больш за 30 работ. У Віцебску на выставе-прэзентацыі вынікі сваіх прац прадставяць аўтары інавацыйных праектаў устаноў адукацыі і прадпрыемстваў горада. У якасці экспертаў выступяць прадстаўнікі гарадской адміністрацыі, дэпутацкага корпуса, бізнесу і сферы адукацыі.

Студэнты Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава Дзіяна Бірукова і Аляксандр Шыдлоўскі ў бітву маладзёжных стартапаў уключаюцца ўжо другі раз. У мінулым годзе прэзентавалі лазерны гравер, які сабралі з дэталяў, надрукаваных на 3D-прынтары. У гэтым сезоне - распрацоўка, якая абяцае палегчыць перамяшчэнне пажылым людзям і людзям з абмежаванымі магчымасцямі, - шматфункцыянальная мыліца. Яе функцыянал прадугледжвае апавяшчэнне блізкіх сваякоў па СМС у выпадку непрадбачаных сітуацый, націсканне на трывожную кнопку, адпраўку GPS-каардынат па месцы знаходжання і многае іншае. "Аналогі разумнай мыліцы ў свеце ўжо ёсць, але наш прыбор у разы таннейшы", - падзяліліся распрацоўшчыкі.

Мікіта Кудзінаў з Віцебскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі прадставіць "Жэстабота" - робата, якім можна кіраваць жэстамі рукі. Такая распрацоўка можа быць выкарыстана ў якасці маніпулятара для вырашэння задач у цяжкадаступных месцах, ва ўмовах небяспечных для жыцця і здароўя, а таксама ў індустрыі кіраваных мадэляў аўтамабіляў і авіябудаванні.

Правядзенне абласнога этапу конкурсу запланавана на снежань.

БЕЛТА.