Інавацыйныя сувеніры рыхтуе для наведвальнікаў Віцебскі абласны краязнаўчы музей
20 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Інавацыйныя сувеніры рыхтуе для наведвальнікаў Віцебскі абласны краязнаўчы музей. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да адкрыцця Міжнароднай выстаўкі мастацкіх галаграм "Галаграфія-2012. Віцебск", расказаў дырэктар музея Глеб Савіцкі.
У супрацоўніцтве з адным з арганізатараў выстаўкі музей рыхтуе мастацкія галаграмы сваіх экспанатаў. Пакуль праца вядзецца над трыма галаграмамі, адна з якіх знята з найкаштоўнейшага музейнага экспаната - наперснага касцянога крыжа XV - пачатку XVI стагоддзяў, знойдзенага пры археалагічных раскопках у Віцебску. Па словах Глеба Савіцкага, калі вопыт супрацоўніцтва акажацца ўзаемавыгадным, то музей мае намер вырабіць і іншую сувенірную прадукцыю з прымяненнем сучасных тэхналогій.
Прэзентацыя галаграм-сувеніраў пройдзе на адкрыцці выстаўкі 29 чэрвеня. Прычым арыгінал і яго галаграфічную копію выставяць побач, каб наведвальнікі змаглі іх параўнаць. Усяго ў экспазіцыі "Галаграфія-2012. Віцебск" будзе прадстаўлена больш за 50 мастацкіх галаграм з 14 краін свету, у тым ліку з Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Ізраіля, Ірана, Канады, Літвы, Партугаліі, Расіі, Румыніі, ЗША, Турцыі, Украіны, Францыі. Наведвальнікі ўбачаць некалькі унікальных работ з рухомымі выявамі.
Як адзначыў намеснік старшыні аргкамітэта выстаўкі Яўген Ведзянскі, значная частка экспанатаў была створана беларускімі вучонымі і вытворцамі, што падымае прэстыж Беларусі як краіны, дзе актыўна праводзяцца навуковыя даследаванні ў найбольш перадавых і перспектыўных напрамках сучаснай навукі, дзе прымяняюцца інавацыйныя тэхналогіі і развіваецца вытворчасць навукаёмістай прадукцыі.
Выстаўка "Галаграфія-2012. Віцебск" - працяг першай сусветнай выстаўкі мастацкіх галаграм "Галаграфія-2011", якая з поспехам прайшла ў Мінску ў кастрычніку-снежні мінулага года. Разам з тым трэць экспанатаў віцебскай выстаўкі - новыя работы, якія мінская публіка не бачыла. Арганізатары выстаўкі абяцаюць, што экскурсіі правядуць спецыяльна падрыхтаваныя экскурсаводы, а наведванне выстаўкі па ступені насычанасці практычнай інфармацыяй будзе набліжана да азнаямленчага курса галаграфіі. Ініцыятар правядзення выстаўкі "Галаграфія-2012. Віцебск" і старшыня яе аргкамітэта - беларускі вучоны, заснавальнік мастацкай і ахоўнай галаграфіі ў Беларусі, акадэмік Міжнароднай інжынернай акадэміі, лаўрэат шэрагу прэстыжных прэмій і ўзнагарод Леанід Танін.
Мастацкая галаграфія - мастацтва новага тысячагоддзя на стыку жывапісу, псіхалогіі і фізікі. Яна выклікае велізарную цікавасць у свеце, з'яўляючыся найбольш эфектыўным спосабам адлюстравання аб'ёмных выяваў на плоскай паверхні. Галаграфія знаходзіць прымяненне ў рэкламе, музейнай справе, дызайне і архітэктуры, картаграфіі, у адукацыйных праграмах і многіх іншых сферах.-0-