Інавацыйныя тэхналогіі навукова-практычных цэнтраў павінны шырока ўкараняцца ў рэгіёнах - І.Пікірэня

11 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Малаінвазіўныя тэхналогіі хірургічных умяшанняў укаранёны ва ўсіх абласцях Беларусі, у тым ліку ў многіх раённых цэнтрах. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў галоўны хірург Міністэрства аховы здароўя Беларусі Іван Пікірэня. Ён прымае ўдзел у рабоце 14-га з'езда хірургаў Беларусі, які праходзіць сёння ў Віцебску. "Дастаткова сказаць, што, напрыклад, у Гомельскай вобласці ў 13 райцэнтрах можа выконвацца дыягнастычная лапараскапія практычна кругласутачна", - сказаў Іван Пікірэня. Паводле яго слоў, у Беларусі шырокае распаўсюджванне атрымалі высокія тэхналогіі хірургічнай дапамогі, што дазваляе аказваць практычна ўсе віды хірургічнай дапамогі на ўзроўні вядучых краін свету. У тым ліку за апошнія 4 гады моцнае развіццё атрымалі транспланталогія, кардыяхірургія, нейрахірургія, створана вялікая база рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў. Адным з вынікаў такога развіцця Іван Пікірэня лічыць той факт, што ўжо сёння замежныя пацыенты звяртаюцца па дапамогу да беларускіх спецыялістаў, асабліва гэта тычыцца такіх відаў хірургічнай дапамогі, як трансплантацыя ныркі, печані, сэрца, нейрахірургічныя ўмяшанні, дапамога ў галіне траўматалогіі і артапедыі. Так, беларускія спецыялісты асвоілі новыя метады лячэння каля- і ўнутрысустаўных пераломаў костак канечнасцей, складаных пераломаў костак таза. Працязіраванне тазабедранага і каленнага суставаў асвоена ва ўсіх абласных цэнтрах і ўкараняецца на міжраённым узроўні. Адной з перспектыўных задач хірургічнай службы з'яўляецца перадача інавацыйных тэхналогій, якія адпрацоўваюцца ў рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтрах, непасрэдна ў рэгіёны, у лячэбныя ўстановы абласных і раённых цэнтраў. Для гэтага неабходна надаць асаблівую ўвагу падрыхтоўцы і павышэнню кваліфікацыі ўрачоў-хірургаў, укараняць дыстанцыйнае навучанне, стажыроўкі на працоўных месцах. Новыя формы і метады такой работы плануецца абмеркаваць на 14-м з'ездзе хірургаў, які завершыць работу 12 лістапада.-0-