Замежныя грамадзяне запоўняць здраўніцы Віцебскай вобласці ў навагоднія святы

26 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Пуцёўкі ў здраўніцы Віцебскай вобласці на навагоднія святы ўжо цалкам раскуплены. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Алена Андрэйкава. Вялікай папулярнасцю санаторыі карыстаюцца ў замежных грамадзян. На іх долю прыпадае каля 80% усіх месцаў. Напрыклад, у Лепельскім ваенным санаторыі замежнікі складуць 70% усіх адпачывальнікаў. Навагоднія канікулы тут правядуць расіяне, эстонцы, латышы. У санаторыі "Лясныя азёры" замежных гасцей будзе яшчэ больш - каля 80%. Комплекс медыцынскіх паслуг, які прапануе гэтая здраўніца немцам, швейцарцам і курортнікам з Расіі, Літвы, Латвіі, уключае крыясауну, гірудатэрапію, пазбаўленне ад курэння іглаўколваннем і многае іншае. А адным з галоўных пунктаў у спісе забаў еўрапейскай публікі стане славянская забава - рускія сані. Паток замежных гасцей, якія выбіраюць беларускія здраўніцы для лячэння і адпачынку, пастаянна павялічваецца, адзначыла Алена Андрэйкава. Так, калі за ўвесь 2008 год у санаторыях Прыдзвіння пабывалі 10 тыс. замежнікаў, то ўжо за студзень-лістапад гэтага года - 11,4 тыс. чалавек. Для прыцягнення адпачывальнікаў рэалізуецца цэлы комплекс мерапрыемстваў, звязаны з развіццём паслуг і тэхнічнай базы. На сённяшні дзень здраўніцы Віцебскай вобласці прапануюць ужо больш за 340 відаў платных паслуг. Сярод апошніх навінак - крыясауны ў санаторыях "Лясныя азёры" і "Баравое". У апошнім да таго ж рыхтуюць адвары лекавых траў і пестуюць сваіх кліентаў элітнымі гатункамі гарбаты. Лепельскі ваенны санаторый гатовы разнастаіць жыццё сваіх пастаяльцаў экскурсіямі ў сталіцу і па размешчаных непадалёк славутасцях. "Чыгуначнік" вядзе будаўніцтва лячэбнага корпуса з плавальным басейнам. Такім чынам, кожная здраўніца шукае магчымасці павышэння эфектыўнасці сваёй працы.-0-