Інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч правёў прыём грамадзян і «прамую лінію» у Глыбоцкім раёне

Актуальныя пытанні, у тым ліку грамадскага значэння, узнялі жыхары Глыбоцкага раёна падчас «прамой лініі» і прыёму грамадзян памочніка Прэзідэнта — інспектара па Віцебскай вобласці Анатоля Ліневіча.

Жыхарка шматкватэрнага жылога дома Ірына Казіміраўна выказала занепакоенасць, што яе дом застанецца без ацяплення. Справа ў тым, што ён знаходзіцца на балансе Глыбоцкага раённага спажывецкага таварыства, якое ў студзені 2022 года спыніць сваю дзейнасць. Глыбачанін Алег Іпалітавіч патэлефанаваў з нагоды неабходнасці завяршэння пачатых работ па ўладкаванні тратуара на вуліцы Інтэрнацыянальнай, дзе ён пражывае, а таксама папрасіў уладкаваць аўтобусны павільён, бо чакаць транспарт нярэдка даводзіцца пад дажджом ці снегам.

– Чаму дзяржава закупляе малако ў насельніцтва ў два разы танней, чым яно каштуе ў краме, бо яно нам нелягка даецца?! – пацікавіўся ў памочніка Прэзідэнта жыхар аграгарадка Псуя Мікалай Уладзіміравіч.

Аб недахопе сена перажывае Тамара Міхайлаўна з вёскі Уражайная, а таксама хадайнічае аб выплаце матэрыяльнай дапамогі гаспадаркай у сувязі са смерцю мужа.

Яе аднавяскоўка Аліна Вацлаваўна паведаміла, што трэба змяніць месца прыпынку паштовай машыны, якая прыходзіць у вёску, бо ў некаторых месцах населенага пункта дрэнна працуе інтэрнэт, таму адсутнічае магчымасць здзяйсняць электронныя плацяжы за кватэру, сувязь і іншае.

Анатоль Ліневіч, уважліва выслухаўшы тэлефанаваўшых, даў тлумачэнні па некаторых пытаннях, а тыя, што патрабуюць вывучэння, у далейшым будуць разгледжаны раённымі службамі. Анатоль Канстанцінавіч даў даручэнні старшыні райвыканкама Аляксандру Шубскаму, прадстаўнікам ЖКГ, дарожнай гаспадаркі, сацыяльнай і іншых сфер вырашыць кожную ўзнятую праблему.

На жаль, не ўдасца дапамагчы толькі жыхарцы Глыбоччыны Веры Антонаўне, якая наракала, што абясцэніўся яе грашовы ўклад, размешчаны ў Беларусбанку каля 20 гадоў таму. Як патлумачылі жанчыне работнікі банка, за гэты час адбылося дзве дэнамінацыі, пра якія насельніцтва было інфармавана праз СМІ.

На асабісты прыём да інспектара прыйшлі жыхаркі вёскі Матюкова Таццяна Бортнік і Таццяна Данілевіч, якія паведамілі пра дрэнны стан цэнтральнай дарогі. Маладыя жанчыны выказалі таксама просьбу адкрыць у вёсцы з насельніцтвам 197 чалавек клуб для арганізацыі вольнага часу, дзе можна было б, да прыкладу, правесці навагоднія і калядныя святы, зладзіць дыскатэку. Размясціць клуб можна ў будынку, дзе знаходзіцца сельская бібліятэка, прапанавалі наведвальніцы.

Як патлумачылі ў райвыканкаме, Матюкоўскі сельскі Дом культуры ў 2014 годзе быў зачынены ў сувязі з аварыйным станам будынка. У зону абслугоўвання бібліятэкі ўваходзяць сем бліжэйшых населеных пунктаў з агульнай колькасцю жыхароў больш за 660. Найбліжэйшы Дом культуры ў вёсцы Мнюта, за сем з лішнім кіламетраў. Памочнік Прэзідэнта даў даручэнне вырашыць і гэту праблему.

У рамках рабочага візіту ў Глыбоцкі раён Анатоль Ліневіч традыцыйна правёў сустрэчу з кадравым рэзервам раёна – кіраўнікамі і спецыялістамі прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, каб ацаніць іх патэнцыял і гатоўнасць рэалізоўваць пастаўленыя дзяржавай задачы.

"Віцебскія весці"