Інстытут тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі правядзе прэзентацыю распрацовак на форуме ў Рэспубліцы Карэя
31 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Магчымасці і напрамкі развіцця навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва з паўднёвакарэйскімі навуковымі арганізацыямі плануе абмеркаваць дэлегацыя Інстытута тэхнічнай акустыкі (ІТА) НАН Беларусі на карэйска-беларускім форуме КАЕRI - BELARUS, які пройдзе ў пачатку красавіка ў горадзе Дайджон (Рэспубліка Карэя). Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дырэктар інстытута, доктар тэхнічных навук Васіль Рубанік.
Віцебскія навукоўцы азнаёмяцца з дзейнасцю Карэйскага навукова-даследчага інстытута атамнай энергіі (KAERI), правядуць прэзентацыю навукова-тэхнічных распрацовак ІТА НАН Беларусі, а таксама абмяркуюць магчымасці заключэння дагавораў у галіне навуковых даследаванняў з патэнцыяльнымі партнёрамі.
Як адзначыў Васіль Рубанік, адным з перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва з паўднёвакарэйскімі навукоўцамі з'яўляецца атрыманне пакрыццяў і злучэнняў разнародных металаў метадам газадынамічнага напылення. ІТА НАН Беларусі актыўна працуе па гэтай тэматыцы, распрацоўкі інстытута ўкаранёны на Мінскім і Баранавіцкім авіярамонтных заводах. Зацікаўленасць у супрацоўніцтве з ІТА ў гэтай сферы праяўляе і Карэйскі навукова-даследчы інстытут атамнай энергіі.
Тэхналогія газадынамічнага нанясення пакрыццяў заснавана на эфекце замацавання цвёрдых часціц, якія рухаюцца са звышгукавой хуткасцю, на паверхні матэрыялу пры сутыкненні з ёй. Яна дазваляе вырашаць цэлы спектр задач, якія немагчыма вырашыць іншымі метадамі, у прыватнасці, па аднаўленні дэталяў механізмаў і машын. Пры гэтым тэхналогія забяспечвае лакалізаванае ўздзеянне на апрацоўваемую дэталь пры мінімальным нагрэве.
Візіт дэлегацыі Інстытута тэхнічнай акустыкі арганізаваны ў рамках рэалізацыі пратакола аб намерах, падпісанага ІТА з Карэйскім навукова-даследчым інстытутам атамнай энергіі (KAERI) па выніках Дзён навукі і тэхналогій Беларусі ў Рэспубліцы Карэя ў снежні 2008 года.-0-