Інструктары па фізкультуры з'явяцца ў арганізацыях і на прадпрыемствах Віцебска
24 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Пасады інструктараў-метадыстаў па фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце будуць уведзены ў арганізацыях і на прадпрыемствах Віцебска. Гэта прадугледжана праграмай развіцця фізічнай культуры і спорту абласнога цэнтра на 2009-2010 гады, якая сёння зацверджана на сесіі Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Акрамя штатных фізкультурнікаў у калектыўных дагаворах і планах сацыяльнага развіцця прадпрыемстваў усіх форм уласнасці з'явяцца пункты аб маральным і матэрыяльным стымуляванні работнікаў, якія займаюцца фізічнай культурай і спортам. На прадпрыемствах з колькасцю звыш 1 тыс. чалавек будуць створаны фізкультурна-аздараўленчыя клубы.
Праграмай развіцця фізічнай культуры таксама прадугледжана правядзенне масавых спартыўных і турыстычных мерапрыемстваў, умацаванне матэрыяльнай базы спартыўных арганізацый і аздараўленчых клубаў, стварэнне новых фізкультурна-спартыўных клубаў, прапаганда актыўнага ладу жыцця.
На думку начальніка аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму гарвыканкама Дзмітрыя Скорынкіна, такія падыходы да развіцця фізкультуры дазволяць да 2011 года ўцягнуць у заняткі фізічнай культурай каля 15% насельніцтва горада.-0-