Інтэнсіўныя тэхналогіі вырошчвання лесу для энергетыкі асвойваюць на Дзвінскай эксперыментальнай лясной базе
8 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Інтэнсіўныя тэхналогіі вырошчвання лесу для энергетыкі асвойваюць на Дзвінскай эксперыментальнай лясной базе Інстытута лесу НАН Беларусі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны ляснічы базы Віктар Піскуновіч.
Каля дзясятка плантацый, якія адрозніваюцца пародамі дрэў, густатой пасадкі, знаходзяцца пад наглядам лесаводаў. Такім чынам назапашваецца вопыт плантацыйнага лесавырошчвання для энергетычных мэт, які ў далейшым будзе распаўсюджаны ў рэспубліцы. Дзвінскія лесаводы маюць намер навучыцца вырошчваць лес па інтэнсіўных тэхналогіях і атрымліваць 200-250 куб.м драўнянай біямасы з 1 га за 20-25 гадоў.
Як адзначыў Віктар Піскуновіч, неабходнасць стварэння энергетычных плантацый абумоўлена магчымым дэфіцытам драўнянай сыравіны, які можа ўтварыцца пры павелічэнні спажывання біямасы для патрэб энергетыкі. У паліўна-энергетычным балансе Беларусі доля драўнянай сыравіны складае 1,6%, або 6-6,5 млн.куб.м дроў у год. Павелічэнне выкарыстання мясцовых відаў паліва як крыніцы цеплавой і электрычнай энергіі да 5% запатрабуе каля 20 млн.куб.м дроў або драўняных адходаў у год. Патэнцыйна магчыма вырабіць 12 млн.куб.м, што створыць дэфіцыт спажывання ў 40-50%. Не варта забываць і пра прамысловых спажыўцоў, патрэбы якіх таксама будуць узрастаць.
На думку вучоных, дэфіцыт драўнянай сыравіны можна папоўніць за кошт выкарыстання лясных плошчаў, занятых у цяперашні час мяккалістымі насаджэннямі, якія павінны быць пераарыентаваны на энергетычныя мэтавыя гаспадаркі. Плантацыйнае лесавырошчванне з'яўляецца найбольш вядомым метадам узнаўлення лясных рэсурсаў, ён стаў прымяняцца ў пачатку мінулага стагоддзя ў Новай Зеландыі. У 2000 годзе лясныя плантацыі забяспечылі 35% сусветнага аб'ёму лесаматэрыялаў, а да 2020 года гэтая велічыня дасягне 44%. Лідараваць па гэтым паказчыку будуць Паўночная і Цэнтральная Амерыка. У ЗША існуе нават асобная галіна - энергетычнае лесаводства. У Беларусі ўжо закладзена больш за 300 га энергетычных плантацый хуткарослых драўняных парод.-0-