Інтэрактыўны музей навукі плануецца стварыць у Віцебску

Інтэрактыўны музей навукі плануецца стварыць у Віцебску. Інвестпраект мае намер рэалізаваць прыватнае прадпрыемства "Фабрыка-лабараторыя "Робавіта", паведаміў дырэктар прадпрыемства Мікалай Ручэц.

Паводле яго слоў, музей будзе ўяўляць сабой пляцоўку, абсталяваную аб'ектамі, якія дэманструюць асноўныя законы фізікі і хіміі. Пры гэтым наведвальнікі пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў музея самі змогуць стаць непасрэднымі ўдзельнікамі эксперыментаў. "Падобныя інтэрактыўныя музеі існуюць у Маскве, Барселоне, іншых гарадах, карыстаючыся вялікай папулярнасцю. Іх з цікавасцю наведваюць як дзеці розных узростаў, так і дарослыя", - адзначыў суразмоўца.

Мікалай Ручэц таксама акцэнтаваў увагу і на сацыяльным складніку дадзенага праекта, бо ён служыць павышэнню цікавасці моладзі да натуральных навук, спрыяе адукаванасці. Акрамя таго, такія музеі з'яўляюцца выдатным месцам сямейнага вольнага часу. Праект знайшоў падтрымку з боку Віцебскага гарвыканкама і гарадскога Савета па развіцці прадпрымальніцтва. На Форуме па інавацыйным прадпрымальніцтве ў Оршы "Робавіта" мае намер знайсці партнёраў-інвестараў для яго рэалізацыі.

БЕЛТА.