Інтэрнаты-гімназіі для адораных дзяцей неабходна ствараць у кожнай вобласці - А.Лукашэнка

10 ліпеня, Віцебск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным ствараць школы-інтэрнаты-гімназіі для адораных дзяцей у кожнай вобласці. Такое меркаванне ён выказаў сёння, наведваючы Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Калі ёсць неабходнасць, вопыт, трэба думаць, каб ствараць падобныя адукацыйныя ўстановы паўсюдна ў рэспубліцы", - сказаў кіраўнік дзяржавы. У Лужаснянскай школе-інтэрнаце-гімназіі навучаюцца і выхоўваюцца ў асноўным дзеці з сельскай мясцовасці. 40% з іх з малазабяспечаных сем'яў, 24% - дзеці-сіроты. Гэта шматпрофільная навучальная ўстанова, якая дае не толькі якасную адукацыю, але і магчымасць творчага і фізічнага развіцця. Прыём вучняў вядзецца праз сістэму ўступных выпрабаванняў. Сёння тут навучаюцца 275 вучняў. За 15 гадоў існавання навучальнай установы было падрыхтавана 1047 пераможцаў раённых, 340 абласных, 195 рэспубліканскіх і 13 міжнародных прадметных алімпіяд. Акрамя таго, 156 гімназістаў узнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў. Гімназія цесна ўзаемадзейнічае са шматлікімі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі рэспублікі. З 798 выпускнікоў гімназіі 787 паступілі ў ВНУ, 11 - у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. На думку Прэзідэнта, вопыт па навучанні таленавітых дзяцей з сельскай мясцовасці, як гэта робіцца ў Лужаснянскай школе-інтэрнаце-гімназіі, неабходна распаўсюджваць на ўсю рэспубліку. "Калі ёсць запатрабаванасць у кожнай вобласці, то трэба адбіраць таленавітых дзяцей, ствараць у кожнай вобласці такія добрыя "астраўкі ведаў" і даваць дзецям адпаведную адукацыю", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што неабходна на самых ранніх стадыях развіцця асобы "вычэрпваць і падтрымліваць таленавітых дзяцей, каб яны не згубіліся ў жыцці". "Гэта - аснова дзяржавы. Тады будзе і прамысловасць, і сельская гаспадарка, і спорт, і турызм, калі мы падтрымаем гэтых дзяцей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Такія навучальныя ўстановы будуць стварацца на базе ўжо наяўных з укараненнем тэхналогій і методык падобна тым, што прымяняюцца ў Лужаснянскай школе-інтэрнаце-гімназіі. Аляксандр Лукашэнка агледзеў навучальныя аўдыторыі, жылыя пакоі, спартыўны і трэнажорны залы, басейн, футбольнае поле. Вучні паказалі Прэзідэнту невялікі імправізаваны канцэрт. Аляксандр Лукашэнка ў двары гімназіі пасадзіў елку. Прэзідэнт цёпла пагутарыў з вучнямі гімназіі. Хлопцы пацікавіліся ў кіраўніка дзяржавы, ці марыў ён у іх узросце аб тым, каб стаць Прэзідэнтам, а таксама якімі якасцямі неабходна валодаць, каб заняць такі высокі дзяржаўны пост. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што неабходна быць "чалавекам ад зямлі". "Трэба адчуваць людзей: і дзяцей, і дарослых, і даярак, і рабочага, а самае галоўнае - каб народ цябе адчуваў. Тады і 30 гадоў будзеш Прэзідэнтам і не надакучыш", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама дадаў, што не раіць маладым людзям імкнуцца да таго, каб стаць Прэзідэнтам.-0-