Інтэрнэт-чэлендж «#Беларусьпомнит» запускае БРСМ да 75-годдзя вызвалення Беларусі

Напярэдадні 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі запускае інтэрнэт-чэлендж «#Беларусьпомнит».

Прыняць удзел у эстафеце могуць усе ахвотныя без абмежаванняў па ўзросце і сацыяльным статусе. Для гэтага неабходна размясціць у Instagram, «УКантакце», «Аднакласнікі», Facebook і іншых сацыяльных сетках сваю фатаграфію і здымак з сямейнага архіва з сваякамі-франтавікамі. Посты могуць быць дапоўнены кароткім апавяданнем пра тое, хто выяўлены на здымку, кім гэты чалавек быў падчас Вялікай Айчыннай вайны, якіх узнагарод удастоены. А хэштэг #Беларусьпомнит дапаможа перадаць эстафету сваім сябрам.

– Мы ўпэўнены, што гэту ідэю падхопіць не толькі моладзь, але і людзі старэйшага пакалення, бо на Віцебшчыне няма ніводнай сям'і, якой бы не закранула Вялікая Айчынная вайна, – распавёў першы сакратар Віцебскага абласнога камітэта БРСМ Вячаслаў Хрол. – Здымкі герояў-абаронцаў нашай краіны беражліва захоўваюцца ў сямейных альбомах.

Дарэчы, БРСМ у партнёрстве з Асацыяцыяй абароны інтэлектуальнай уласнасці «БелБрэнд» падрыхтаваў серыю фотаздымкаў «Беларусь помнит», якія будуць прэзентаваны 9 – 12 красавіка на выставе «75» у Вялікабрытаніі.

"Віцебскія весці".