Інтэрнэт-праект для юных фізікаў і астраномаў стартуе ў Віцебскім дзяржуніверсітэце
9 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Праект "Віртуальная школа юных фізікаў і астраномаў" стартуе з 1 кастрычніка ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.Машэрава, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дэкан фізічнага факультэта ВНУ, кандыдат фізіка-матэматычных навук Юрый Бохан.
Інфармацыйна-адукацыйны праект рэалізаваны ў выглядзе інтэрнэт-партала, які будзе размешчаны на сайце ўніверсітэта ў Сусветнай павуціне. У яго распрацоўцы прынялі ўдзел вучоныя ВНУ, студэнты-выпускнікі фізічнага факультэта і будучыя спецыялісты па інфарматыцы. Каб стаць паўнапраўным удзельнікам праекта, неабходна будзе прайсці стандартную для інтэрнэт-карыстальнікаў рэгістрацыю на партале. Віртуальныя вучні школы атрымаюць доступ да шырокага масіву інфармацыі па фізіцы і астраноміі. Гэта, перш за ўсё, разнастайныя заданні - любы школьнік зможа выбраць задачку сабе па густу і ўзроўню складанасці, пры гэтым пераканацца ў правільнасці прапанаванага ім варыянту рашэння і атрымаць парады і рэкамендацыі вопытных педагогаў у інтэрактыўным рэжыме. На партале будуць размешчаны вучэбныя дапаможнікі, метадычныя і даведачныя матэрыялы па фундаментальных навуках. Плануецца штотыдзень праводзіць адкрытыя разборы заданняў (яны патрабуюць не толькі канстатацыі адказу, але і аргументаванага пацвярджэння рашэння), а ў перспектыве і віртуальныя канферэнцыі з вучнямі.
Асноўнай мэтай праекта з'яўляецца стымуляванне цікавасці школьнікаў да вывучэння фізікі і астраноміі. Гаворка ідзе не толькі пра Віцебскую вобласць: у перыяд тэставай эксплуатацыі да партала праявілі цікавасць карыстальнікі і з іншых рэгіёнаў краіны, адзначыў Юрый Бохан. Найбольш актыўных удзельнікаў віртуальнай школы ўніверсітэт плануе запрасіць у ВНУ на эксперыментальныя і практычныя заняткі, у тым ліку ў астранамічны цэнтр для правядзення даследаванняў падчас школьных канікул.
"Сучасная моладзь актыўна карыстаецца Інтэрнэтам, патэнцыял інфармацыйных тэхналогій неабходна выкарыстоўваць для падрыхтоўкі дапытлівых вынаходнікаў, а інтэрнэт-праект з'яўляецца найбольш эканамічна мэтазгодным спосабам зацікавіць падлеткаў заняткамі фундаментальнымі навукамі", - упэўнены Юрый Бохан. Пры гэтым не стаіць задача падрыхтаваць навучэнцаў да цэнтралізаванага тэсціравання, падмяняючы або замяняючы школьных настаўнікаў. Канцэпцыяй развіцця партала прадугледжваецца стварэнне асобных старонак для педагогаў і размяшчэнне метадычных матэрыялаў у дапамогу школьным настаўнікам. "Інавацыйны шлях развіцця краіны прадугледжвае веданне фундаментальных навук, і, задумваючы "Віртуальную школу", мы імкнемся павысіць цікавасць да іх, стымулюючы такім чынам інавацыйныя працэсы", - рэзюмаваў дэкан фізічнага факультэта.-0-