Інтэрнэт-пуцеводнікі па месцах забаў могуць з'явіцца ў Віцебску да "Славянскага базару"
13 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Інтэрнэт-конкурс праграм і маршрутаў па мясцінах гарадскіх забаў стартаваў у Віцебску напярэдадні міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар", расказалі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары праекта - студыя "Мікрон".
Удзельнікам конкурсу прапануецца з улікам уласнага досведу распрацаваць аднадзённыя, шматдзённыя і турыстычныя праграмы знаходжання ў Віцебску і вобласці. Аб'екты, якія апынуцца ў цэнтры ўвагі гасцей, могуць быць самымі рознымі - ад гістарычных славутасцяў да рэстаранаў і начных клубаў. Пры гэтым арганізатары конкурсу не забыліся пра неабходнасць стварэння даведніка па мясцінах гарадскіх забаў і прапануюць удзельнікам скласці падборку рэкамендацый аб тым, куды, акрамя фестывальных канцэртаў, варта пайсці ў Віцебску, што паглядзець, дзе і што паспрабаваць і купіць. Чым больш дэталёвым і карысным для адпачывальнікаў будзе конкурсны праект, тым больш у яго шанцаў на перамогу і атрыманне прыза. Работы на конкурс будуць прымацца да 7 чэрвеня. На працягу тыдня пройдзе інтэрнэт-галасаванне, а пасля вызначэння пераможцаў з лепшымі праектамі ў адкрытым доступе на гарадскім бізнес-партале змогуць пазнаёміцца ўсе жадаючыя.
Упраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама, аддзел ідэалагічнай работы Віцебскага гарвыканкама падтрымалі гэты праект. Як адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА начальнік аддзела ідэалагічнай работы гарвыканкама Дзяніс Глуткін, такі конкурс дазволіць праінфармаваць гасцей і жыхароў горада аб папулярных месцах адпачынку і вольнага часу, аб лепшых з пункту гледжання наведвальнікаў установах грамадскага харчавання, гасцініцах. Непрадузятае меркаванне аб гарадской інфраструктуры адпачынку і турызму дазволіць сфарміраваць інфармацыйнае поле вакол абласнога цэнтра і паслужыць добрым стымулам для суб'ектаў турыстычнай дзейнасці да свайго ўдасканалення. Да таго ж лепшыя праекты турыстычныя кампаніі змогуць узяць за аснову для стварэння новых маршрутаў, лічыць Дзяніс Глуткін. -0-