Інтэрнэт-паслугамі ў Віцебскай вобласці карыстаюцца 56% суб'ектаў гаспадарання
30 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Паслугамі Інтэрнэту ў Віцебскай вобласці карыстаецца толькі 56% суб'ектаў гаспадарання, паведаміў сёння на сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Генадзь Грэбнеў.
Шырокапалосны доступ выкарыстоўваюць толькі 41% прадпрыемстваў, астатнія ўсё яшчэ працуюць на камутаваным. Разам з тым у вобласці зарэгістравана амаль 35 тыс. абанентаў Інтэрнэту і 2,3 тыс. абанентаў IP TV.
Доля паслуг сувязі ў агульным аб'ёме паслуг складае 23,5%. Праграма развіцця сферы паслуг Віцебскай вобласці на 2009-2010 гады, якая сёння зацверджана дэпутатамі аблсавета, прадугледжвае стварэнне ўмоў для ўкаранення сучасных тэхналогій перадачы дадзеных, развіццё інфармацыйных рэсурсаў. Так, у 2010 годзе прадугледжваецца павялічыць колькасць партоў шырокапалоснага доступу да 45,8 тыс. і атрымаць за кошт гэтага дадатковую выручку ў памеры Br9,5 млрд.-0-