Інтэрв'ю з начальнікам аблспортупраўлення Васілём Захарэвічам: умовы падрыхтоўкі спартсменаў і папулярызацыя спорту
— У нас дынамічна развіваецца матэрыяльна-тэхнічная база фізічнай культуры і спорту. Так, у мінулым годзе ўведзены ў эксплуатацыю футбольнае поле з травяным газонам на Цэнтральным спартыўным комплексе ФК «Віцебск», фізкультурна-аздараўленчыя комплексы з плавальнымі басейнамі «Імпульс» у Верхнядзвінску і Лёзне. У 2019-м адкрыты спецыялізаваны цэнтр батута ў Віцебску, крытая лядовая трэніровачная пляцоўка ў Наваполацку, футбольнае поле з штучным пакрыццём ва Ушачах.
З'яўленне новых і мадэрнізацыя старых аб'ектаў інфраструктуры, набыццё сучаснага інвентару і абсталявання дазволілі стварыць аптымальныя ўмовы для падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву і атлетаў высокага класа. Гэта бачна па выніках, дасягнутых на афіцыйных міжнародных стартах: у 2018-м заваявана 154 медалі, у тым ліку 80 залатых. Напрыклад, ураджэнка Сенна Ірына Крыўко стала чэмпіёнкай зімовых Алімпійскіх гульняў у Карэі ў складзе жаночай эстафетнай каманды па біятлоне, наваполацкая лыжніца Святлана Саханенка тройчы падымалася на вышэйшую прыступку п'едэстала на Паралімпіядзе, выхаванец Наваполацкага вучылішча алімпійскага рэзерву дзюдаіст Арцём Коласаў двойчы — на летняй юнацкай Алімпіядзе ў Аргенціне. У гэтым годзе ў скарбонцы вобласці ўжо 12 узнагарод.
— Васіль Аляксеевіч, як развіваецца масавы спорт?
Папулярнасць заняткаў фізкультурай сярод насельніцтва пастаянна расце, з'яўляюцца новыя пляцоўкі і комплексы, якія дазваляюць мясцовым жыхарам праводзіць вольны час цікава і з карысцю для здароўя. Арганізаваныя групы фізічнай культуры і аматарскага спорту наведваюць звыш 278 тыс. жыхароў Віцебскай вобласці, або каля чвэрці ад агульнай колькасці. Праводзяцца унутрыгаліновыя круглагадовыя і міжгаліновыя прафсаюзныя спартакіяды, абласныя спартыўныя святы, у прыватнасці, сярод сельскіх жыхароў «Сельскія гульні». Агульная колькасць штогадовых фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемстваў у першым квартале 2019-га перавысіла за 1 тыс.
— А што ёсць для школьнікаў?
Правядзенне розных пазакласных мерапрыемстваў з навучэнцамі — складовая частка адукацыйнага працэсу. Праводзяцца спартакіяды, спаборніцтвы, конкурсы, дні здароўя і турыстычныя паходы, дзе задзейнічаны да 80% навучэнцаў. Акрамя таго, у школах працуе каля 1,9 тыс. спартыўных аб'яднанняў, у якіх займаецца каля 30 тыс. дзяцей.
— Што пажадаеце калегам у прафесійнае свята?
— Гэты дзень аб'ядноўвае ўсіх, хто незалежна ад сваёй прафесіі і ўзросту любіць актыўны лад жыцця. Асаблівыя словы падзякі заслугоўваюць ветэраны галіны — людзі, якія выхавалі пляяду выдатных спартсменаў. Жадаю ім моцнага здароўя, аптымізму, дабра і дабрабыту!
На змену старэйшаму пакаленню прыйшла таленавітая моладзь, якая з гонарам нясе сцяг беларускага спорту, паказвае вынікі сусветнага ўзроўню і праслаўляе нашу краіну і Віцебскую вобласць. Таксама хацелася б адзначыць тых, хто працуе з моладдзю і развівае спорт вышэйшых дасягненняў.
Віншую ўсіх работнікаў галіны з прафесійным святам. Моцнага вам здароўя, невычарпальнай энергіі і бадзёрасці духу!