ІНТАРВЮ: Археолагі прапануюць музеефікаваць рэшткі старажытных полацкіх храмаў

САКРЭТНЫЯ ФАЙЛЫ ПОЛАЦКА Год заснавання Полацка — 862-і. Кожны школьнік ведае гэту дату. А вось навукоўцы, як ні дзіўна, дагэтуль сумняюцца. Адны лічаць, што 862 год трэба яшчэ даказаць: маўляў, адной пісьмовай крыніцы, ды і то мімаходзь згадваючай горад, замала; іншыя ўпэўнены, што Полацк існаваў ужо ў VIII стагоддзі. Аднак і тыя, і іншыя не сумняюцца ў адным: Полацкая зямля захоўвае яшчэ шмат сакрэтных файлаў, і трэба не толькі іх прачытаць, трэба зберагчы тое, што нам раскрывае зямля, разумна гэтым скарыстацца. Пра бясспрэчную дату заснавання Полацка, пра сакрэты і скарбы Полацкай зямлі карэспандэнт БЕЛТА гутарыў з загадчыкам кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам, археолагам Дзянісам Дуком. — У 2012 годзе Полацк адзначыць 1150-годдзе. Да падрыхтоўкі да святкавання юбілею найстаражытнейшага горада Беларусі была зацверджана пяцігадовая комплексная праграма развіцця на перыяд да 2012 года. Адным з пунктаў праграмы значыцца "Арганізацыя работы пастаянна дзеючай археалагічнай экспедыцыі па вывучэнні Полацкай зямлі". Што ўжо зроблена археолагамі? — Сапраўды, з 2008 года ў Полацку дзейнічае комплексная археалагічная экспедыцыя. Сумесна з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі, Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеем-запаведнікам Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт прымае непасрэдны ўдзел у экспедыцыі. Усе разам мы праводзім даследчую работу. Полацк вывучаецца археолагамі шмат гадоў, але кожны год прыносіць усё новыя і новыя адкрыцці. Сітуацыя ў горадзе ўнікальная. Калі параўнаць з іншымі старажытнымі гарадамі ўсходніх славян, напрыклад, Ноўгарадам, Псковам, дзе ўсё вывучана і наўрад ці можна даведацца нешта новае пра гарадскую тапаграфію, то Полацкая зямля захоўвае яшчэ нямала артэфактаў, якія, калі не перакулілі б нашы ўяўленні пра яе гісторыю, то пашырылі б іх і паглыбілі. Напрыклад, за межамі сучаснага Полацка мы выявілі велізарную частку сярэднявечнага горада, у якой жылі рамеснікі і гандляры. Уявіце сабе, што Полацк XI стагоддзя для свайго часу быў велізарным мегаполісам. Яго плошча ў розныя гады вагалася ад 120 да 200 га. У 2009 годзе мы знайшлі адказ на важнае пытанне пра левабярэжную частку горада. Полацк заснаваны і традыцыйна развіваецца на правым беразе Заходняй Дзвіны. Тут знаходзіцца старажытнае гарадзішча, Сафійскі сабор, Верхні замак, а вось левабярэжныя пасады мала вывучаны. Мы завяршылі вывучэнне археалагічных матэрыялаў і пісьмовых крыніц і высветлілі, што левабярэжная частка адыгрывала пэўную ролю ў фарміраванні Полацка. Знайшлі ўчастак Старой слабады, дзе ў Х стагоддзі жылі людзі. Гэта быў своеасаблівы прыгарад. Затым у гэтым месцы быў заснаваны найбуйнейшы ва Усходняй Еўропе Барысаглебскі княжацкі манастыр. Значна пазней гэтая частка была заселена масава. І гэтаму спрыялі трагічныя гістарычныя падзеі XVI стагоддзя, калі, ратуючыся ад частых набегаў ворагаў, жыхары пакідалі насиджаныя месцы і сыходзілі на левы бераг. Такім чынам, археолагамі атрыманы даныя пра развіццё найстаражытнейшай часткі Полацка, знойдзены найцікавейшыя матэрыялы па развіцці тапаграфічнай структуры горада, атрыманы адказ на пытанне: з якога часу можна лічыць паселішча на месцы Полацка горадам. І, нарэшце, мы пацвердзілі, што Полацк з'яўляецца старажытным горадам не толькі Беларусі, але і найстаражытнейшым на тэрыторыі Усходняй Еўропы. — Дзяніс Уладзіміравіч, так дата 862, калі, як сказана ў легендарнай "Аповесці мінулых гадоў", "авалодаў усёй уладай адзін Рурык і стаў раздаваць мужам сваім гарады: таму Полацк...", мае матэрыяльную аснову? — Летапіснай даце аддамо належнае. Год 862-і сумненню не падлягае, таму юбілей у 2012 годзе мы можам святкаваць смела, хоць некаторыя гісторыкі і лічылі дату 862 неаб'ектыўнай. Яны патрабавалі доказаў, што Полацк у IX стагоддзі існаваў, казалі: пакажыце артэфакты той пары. І вось археалагічныя знаходкі апошніх гадоў, іх датаванне дазваляюць прадставіць гэтыя матэрыяльныя сведчанні. Адно з пераканаўчых доказаў на рахунку археалагічнай экспедыцыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі пад кіраўніцтвам навуковага супрацоўніка інстытута, кандыдата гістарычных навук Марата Васільевіча Клімава. Летам мінулага года падчас раскопак на тэрыторыі старажытнага гарадзішча, першапачатковага цэнтра горада, у пласце пажарышча былі выяўлены фрагменты арабскіх сярэбраных манет — дырхемаў. Манеты мелі пашкоджанні, аднак з дапамогай расійскіх спецыялістаў была ўстаноўлена іх дата чаканкі — 800-825 гады. Атрибуцыя манет з'яўляецца доказам таго, што славяне жылі і заснавалі горад задоўга да таго, як Полацк трапіў у летапіс пад датай 862. Аднак мы можам пацвердзіць і больш раннія даты існавання Полацка, напрыклад, 780 год. Падчас раскопак, якія праводзіла наша група, былі знойдзены фрагменты славянскай керамікі і кавалак абпаленага дрэва. Радыёвугляродны аналіз даў верхнюю дату — 780 год. Як вядома, славяне прыйшлі на гэтыя землі ў сярэдзіне VIII стагоддзя. — Так усё ж славяне заснавалі Полацк? Не сакрэт, што існуе "скандынаўская" версія, паводле якой варагі стаялі ля вытокаў слаўнага града. — Археалагічныя знаходкі пацвярджаюць, што Полацк быў заснаваны славянскім племем крывічоў. Менавіта славянам належыць галоўная роля ў фарміраванні горада, нягледзячы на тое, што яны не былі першымі жыхарамі ў гэтым паселішчы. Да прыходу славян на тэрыторыі сучаснага Полацка жылі плямёны, якія пакінулі пасля сябе шматлікія артэфакты, аднак знеслі ў глыб стагоддзяў сваю назву. Мы іх умоўна называем балтамі. А славяне заснавалі менавіта той летапісны град, які стаў пазней цэнтрам княства. — Дзяніс Уладзіміравіч, а ці давялося вам падчас раскопак знаходзіць скарбы? — Вядома, асацыяцыя са раскопкамі — гэта скарбы. Мы не можам пахваліцца скарбамі, якія знаходзяць у Егіпце ці Вавілоне. У еўрапейскім маштабе самым багатым на скарбы лічыцца Ноўгарад. Аднак і Полацк у гэтай сістэме займае пэўнае месца. Падчас раскопак на гарадзішчы, дзе сяліліся князь з дружынай, мы знайшлі велізарную колькасць ювелірных вырабаў. Уявіце сабе раскоп 4 на 11 метраў, і ў ім, у пласце XII стагоддзя, знайшлі столькі ювелірных вырабаў — упрыгожанняў, частак узбраення, прадметаў побыту, што проста не паспявалі іх апісваць. Яны фантанавалі. Гэта былі і вырабы полацкіх майстроў, і імпартаваныя з Візантыі, Чэхіі, Славакіі. Мы знаходзілі артэфакты паўночнаеўрапейскай культуры. Знайшлі атрыбуты рамесніцкай вытворчасці, збройную майстэрню, дзе збіралі пласціністыя даспехі. Знаходак было не толькі шмат, але яны былі яшчэ і цудоўнай якасці, што не можа не радаваць. Пасля гэтага я зразумеў, што Полацкая зямля — гэта скарбніца, якая толькі-толькі прыадкрывае сваю таямніцу. Бо мы знайшлі толькі сотыя долі працэнта скарбаў, схаваных гісторыяй у Полацку. Можна ўявіць, якія духоўныя і матэрыяльныя багацці знаходзяцца пад нашымі нагамі. Усё знойдзенае намі зараз захоўваецца ў Нацыянальным Полацкім музеі-запаведніку. Знаходкі рыхтуюцца да выставы ў музеі горада, які неўзабаве з'явіцца. — Пагадзіцеся, што археалагічныя раскопы, тым больш такія багатыя на знаходкі, уяўляюць цікавасць не толькі для спецыялістаў. Кожнаму аматару гісторыі цікава сваімі вачыма ўбачыць і частку адкрытай маставой, і старажытны падмурак жылога дома. Ці прадугледжваецца ў Полацку музеефікацыя раскопаў? — Музеефікацыя археалагічных раскопаў — агульнапрынятая практыка. Звычайнаму чалавеку цікава паглядзець на рэшткі нейкіх канструкцый. Напрыклад, у Брэсце можна ўбачыць рэшткі драўлянай архітэктуры. Аднак у Полацку такіх месцаў мала. Што можна музеефікаваць, так гэта рэшткі храмаў. Некаторыя саборы XII стагоддзя захаваліся да нашых дзён на вышыню 2-3 метры. Цяпер яны знаходзяцца пад зямлёй, аднак калі гэта раскрыць, прывесці ў парадак, то атрымаецца ўнікальны комплекс, дзе можна ўбачыць аўтэнтычную пабудову, разгледзець сцены з ф