Інваліды Віцебскай вобласці 3 снежня змогуць наведаць музеі бясплатна
30 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Інваліды Віцебскай вобласці 3 снежня змогуць наведаць музеі бясплатна. Акцыя прымеркавана да Міжнароднага дня інвалідаў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА вядучы метадыст Віцебскага абласнога цэнтра народнай творчасці Алена Квітун.
Характэрна, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі ў гэты дзень будуць не толькі сузіральнікамі выстаўленых экспазіцый, але і аўтарамі некаторых з іх. Так, у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі адкрыецца выстава вязаных карцін "Ад сэрца да сэрца". Работы, выкананыя жанчынамі-інвалідамі абласнога цэнтра, прысвечаны розным тэмам. Аднак у першую чаргу яны з'яўляюцца яскравым сведчаннем таго, што, нават стаўшы інвалідам, чалавек можа жыць насычаным жыццём.
Святкаванне Міжнароднага дня інвалідаў адбудзецца ва ўсіх рэгіёнах Віцебскай вобласці. Паўсюдна пройдуць святочныя канцэрты і выставы. З удзелам валанцёраў, актывістаў грамадскіх арганізацый, навучэнскай моладзі будуць арганізаваны дабрачынныя акцыі "Нашы сэрцы - хворым дзецям", "Рука сябра", "Міласэрнасць", "Падзяліся цяплом душы сваёй", "Міласэрнасць без межаў", "З верай у сілу дабра!". У паліклініках №3 і №6 Віцебска запланавана правядзенне Дзён адкрытых дзвярэй для гэтай катэгорыі насельніцтва.-0-