Інвестыцыйны форум у Франкфурце-на-Майне прынясе карысць нямецкім і беларускім бізнесменам - амбасадар ФРГ
23 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Беларускі інвестыцыйны форум у Франкфурце-на-Майне выклікаў вялізную цікавасць і прынясе карысць нямецкім і беларускім бізнесменам. Такую кропку гледжання выказаў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол ФРГ у Рэспубліцы Беларусь Крыстаф Вайл. Пасол знаходзіцца ў Віцебскай вобласці з рабочай паездкай.
Як змог пераканацца пасол, беларускі рынак цікавы дзелавым колам Германіі. Інвестыцыйны форум даў ім магчымасць азнаёміцца з патэнцыялам Беларусі. "Для нямецкага бізнесу важна разумець, якія эканамічныя і інвестыцыйныя працэсы адбываюцца ў Беларусі, іх стабільнасць", - дадаў дыпламат.
Кіраўнік Прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь Уладзімір Аўгусцінскі дадаў, што падпісанне амаль 20 пагадненняў на суму $2,7 млрд. сведчыць аб тым, што Беларусь з'яўляецца важным партнёрам для Германіі. Ён упэўнены, што дзелавыя кантакты неабходна развіваць.
У праграме знаходжання пасла ФРГ - перамовы са старшынёй Віцебскага аблвыканкама, а таксама з прадстаўнікамі СЭЗ "Віцебск". Запланавана наведванне прадпрыемства "Вітэла" - рэзідэнта СЭЗ "Віцебск". Як чакаецца, 24 лістапада пасол будзе прысутнічаць на адкрыцці інвестыцыйнага форуму "Твой бізнес".
У склад нямецкай дэлегацыі таксама ўвайшлі супрацоўнікі пасольства, Нямецка-беларускага эканамічнага клуба, Прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Беларусі і Інстытута ім. Гётэ ў Мінску.-0-