Інвестыцыі ў мадэрнізацыю прадпрыемстваў будіндустрыі Віцебскай вобласці перавысяць у 2013 годзе Br50 млрд

Инвестиции в модернизацию предприятий стройиндустрии Витебской области превысят в 2013 году Br50 млрд

Больш Br50 млрд. будзе інвеставана ў бягучым годзе ў мадэрнізацыю прадпрыемстваў будіндустрыі Віцебскай вобласці. Пра гэта паведаміў на адкрыцці міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "Будiндустрыя. Інавацыі ў будаўніцтве - 2013" першы намеснік старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама Віктар Мядзведскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Асноўныя прадпрыемствы будаўнічай галіны рэгіёна ўжо прыступілі да рэалізацыі планаў па мадэрнізацыі, якія разлічаны да 2015 года. Усяго за тры гады ў будiндустрыю рэгіёна плануецца ўкласці Br200 млрд. Гэтыя грошы будуць інвеставаны ў комплекснае пераўтварэнне цыклу вытворчасцей, якое акрамя непасрэдна вытворчасці закране сістэму кіравання, арганізацыю забеспячэння і збыту", - падкрэсліў Віктар Мядзведскі.

Будаўніцтва новых тэхналагічных ліній нароўні з мадэрнізацыяй наяўных застаецца прыярытэтным напрамкам у дзейнасці будаўнічай галіны рэгіёна. Пры гэтым стаўка робіцца на стварэнне імпартазамяшчальных вытворчасцей, заснаваных на ўкараненні новых тэхналогій, якія дазволяць больш эфектыўна выкарыстоўваць наяўную сыравінную базу, праводзіць палітыку энергазберажэння і пастаўляць на рынак шырокі асартымент будаўнічых матэрыялаў, якія не саступаюць замежным аналагам.

"Выкананне планаў мадэрнізацыі дазволіць ужо ў гэтым годзе забяспечыць узровень намінальнай налічанай заработнай платы па галіне ў памеры Br5,3 млн., а да 2015 года выйсці на Br8,7 млн.", - адзначыў намеснік старшыні камітэта.

Каля 10 інавацыйных распрацовак для будіндустрыі прадставіў на выставе Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, у тым ліку арбел (беларускі сценавы матэрыял новага пакалення). "Гэта аналаг газасілікатных блокаў, якія ў цяперашні час шырока ўжываюцца ў будаўніцтве, - распавёў загадчык кафедры будаўнічай вытворчасці Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Васіль Базылеў. - Дадзены сценавы матэрыял вырабляецца з мясцовай сыравіны: асноўныя кампаненты - драўняная шчэпка, цэмент, мадыфікуючая дабаўка і вада. Арбел спалучае ў сабе экалагічнасць драўніны і высокую трываласць бетону. Ён не гарыць, не гніе і не пашкоджваецца шкоднікамі".

"Арбел быў адзначаны залатым медалём і дыпломам I ступені на выставе-канферэнцыі "Высокія тэхналогіі. Інавацыі. Інвестыцыі" (Санкт-Пецярбург). Мы атрымалі патэнт на тэхналогію вырабу, склалі бізнес-план на адкрыццё вытворчасці (тэрмін акупнасці прыкладна 2 гады) і зараз шукаем партнёраў для арганізацыі вытворчасці сценавога матэрыялу новага пакалення", - падкрэсліў вучоны.

Міжнародная спецыялізаваная выстава "Будіндустрыя. Інавацыі ў будаўніцтве - 2013" праходзіць на базе канцэртнай залы "Віцебск" пад дэвізам "Будуем будучыню зараз!". Яе экспанентамі сталі каля 40 гандлёва-вытворчых прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый Мінска, Віцебска, Оршы, Наваполацка, а таксама Масквы, Смаленска, рэгіёнаў Расіі. Праграма ўключае прэзентацыі прадукцыі, міжнародную навукова-практычную канферэнцыю "Прымяненне нанатэхналогій у будаўніцтве. Тэорыя і практыка", семінар "Інавацыйныя тэхналогіі і мадэрнізацыя прадпрыемстваў будіндустрыі - галоўны напрамак пераходу да ўстойлівага развіцця будаўнічай галіны", кірмашы вакансій у будаўнічай галіне, семінар-прэзентацыю "Дары прыроды".

Выстава закліканая садзейнічаць устанаўленню ўзаемавыгадных кантактаў і дзелавых сувязей, кааперацыі паміж прадпрыемствамі і арганізацыямі, укараненню ў вытворчасць навукова-тэхнічных распрацовак і тэхналогій, даць магчымасць будаўнічым і інвестыцыйным кампаніям прадставіць поўны спектр сваіх паслуг і прадэманстраваць лепшыя праекты, а таксама абмеркаваць важныя пытанні ў дадзенай сферы, абмяняцца вопытам па рэалізацыі энергаэфектыўных мерапрыемстваў у будаўніцтве, прамысловасці, энергетыцы, жыллёва-камунальнай гаспадарцы.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Віцебскі аблвыканкам, Віцебскі гарвыканкам, Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу.