Інвестыцыі ў развіццё лясгасаў Віцебскай вобласці ў 2011 годзе складуць Br42,5 млрд.

20 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебскае дзяржаўнае вытворчае лесагаспадарчае аб'яднанне (ВДВЛГА) мае намер інвеставаць у асноўны капітал у 2011 годзе Br42,5 млрд., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аб'яднанні. Звыш Br10 млрд. плануецца накіраваць на набыццё лесанарыхтоўчай тэхнікі і лесавозаў. На закупку абсталявання для лесакультурнай вытворчасці будзе выдзелена Br3,4 млрд. Будаўніцтва лесагаспадарчых дарог у гэтым годзе працягнецца ў Аршанскім, Верхнядзвінскім, Пастаўскім і Суражскім лясгасах. Кошт гэтых работ складзе каля Br5 млрд. Таксама працягне развівацца інфраструктура паляўнічых гаспадарак у Полацкім, Пастаўскім, Суражскім і Бегамльскім лясгасах, дзе плануецца пабудаваць па адным паляўнічым доміку агульным коштам Br1,1 млрд. Частка інвестыцый будзе накіравана на мадэрнізацыю дрэваапрацоўчых вытворчасцей і выпуск драўнянага паліва. У прыватнасці, каля Br2 млрд. плануецца інвеставаць у рэканструкцыю лесапільняў і стварэнне сушыльных вытворчасцей у Бегамльскім, Аршанскім і Дрэтунскім лясгасах. Наладзіць выпуск паліўных гранул і брыкетаў трэба будзе ў Бегамльскім, Аршанскім, Суражскім і Ушацкім лясгасах. Кошт гэтага праекта складзе Br4,5 млрд. За студзень-сакавік лясгасамі Віцебскага ВДВЛГА было рэалізавана прадукцыі на Br31,2 млрд., або 134,9% да аналагічнага ўзроўню мінулага года. Інвестыцыі ў асноўны капітал за першы квартал склалі Br9,3 млрд. У склад Віцебскага ВДВЛГА ўваходзяць 17 лясгасаў, якія ўключаюць 136 лясніцтваў. -0-