Інвестыцыі ў развіццё Сенненскага раёна ў студзені-жнівень склалі звыш Br54 млрд.
30 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Інвестыцыі ў развіццё Сенненскага раёна ў студзені-жнівень склалі звыш Br54 млрд., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы Сенненскага райвыканкама.
Сродкі былі накіраваны на адкрыццё значных сацыяльных аб'ектаў. Так, у СПК "Літусава" прыступіў да працы камбінат кааператыўнай прамысловасці. У аграгарадку Багданава з красавіка функцыянуе новае аддзяленне кругласутачнага знаходжання для адзінокіх пажылых людзей, разлічанае на 32 месцы. У верасні адкрылася першая ў раёне станцыя тэхнічнага абслугоўвання, а ў пачатку кастрычніка плануецца ўвесці ў строй радыётэлевізійную перадавальную станцыю лічбавага тэлебачання і радыёвяшчання.
Значнае абнаўленне ў гэтым годзе адбылося ў абліччы гарадскога пасёлка Багушэўск, які адзначыў 14 жніўня сваё 130-годдзе. Да свята адкрылася пасля рэканструкцыі паліклініка, якая абслугоўвае больш за 9 тыс. чалавек - жыхароў пасёлка і бліжэйшых населеных пунктаў. На абнаўленне аб'екта, які ўключае ў сябе таксама дзіцячую і жаночую кансультацыі, было накіравана больш за Br1,2 млрд. Акрамя таго, у пасёлку з'явіліся новыя крамы.
Новыя гандлёвыя аб'екты адкрыліся і ў раённым цэнтры: прыступілі да працы пяць прыватных крам і рэканструяваны цэнтральны універсам горада, дзе створаны камфортныя ўмовы як для пакупнікоў, так і работнікаў. У прыватнасці, у краме ўстаноўлена сучаснае касавае абсталяванне, асартымент прапанаванай прадукцыі налічвае каля 15 тыс. найменняў, працуюць кафэ і абменны пункт.
Значная ўвага ў раёне надаецца будаўніцтву жылля. Ужо здадзены два 60-кватэрныя дамы і 22 сельскія аднакватэрныя дамы. Значныя сродкі накіроўваюцца на мадэрнізацыю аб'ектаў культуры і фізкультурна-спартыўных, адкрыццё новых вытворчасцей. Усяго інвестыцыі ў развіццё Сенненскага раёна на 2010 год запланаваны ў аб'ёме Br76 млрд., а на 2011 год - Br82 млрд. У 2009 годзе яны склалі Br53 млрд.-0-