Інвестыцыі ў развіццё Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі пашыраюць вытворчасць і ствараюць працоўныя месцы

Прадукцыя, якую прадпрыемства рэалізуе пад гандлёвай маркай «Ганна», даўно палюбілася не толькі жыхарам Беларусі, але і грамадзянам іншых краін. Высокі попыт на ўнутраным і знешнім рынках паслужыў імпульсам пашырэння вытворчых магутнасцей — у верасні ўвялі ў эксплуатацыю пляцоўку № 2 бройлернага цэха № 3. Будаваўся аб'ект у рамках дзяржпраграм «Аграрны бізнес» на 2021—2025 гады і «Адзін раён — адзін праект».


— Першую пляцоўку ў гэтым цэху пабудавалі два гады таму. На ўзвядзенне, аснашчэнне тады затрацілі 53 мільёны рублёў, у будаўніцтва другой інвеставалі каля 69 мільёнаў, — тлумачыць галоўны эканаміст прадпрыемства Павел Локтев. — У кожнай — 14 птушнікаў напальнага ўтрымання па 48 тысяч галоў. Дзякуючы гэтаму створана магчымасць штогод вырабляць дадаткова каля 25 тысяч тон птушкі ў жывым вазе. Адначасовая ж пасадка на дзвюх пляцоўках перавышае 1,3 мільёна птушанят.
Будаўніцтва пляцоўкі № 2 — адзін з фінальных праектаў пяцігадовай праграмы рэканструкцыі фабрыкі. Для прадпрыемства гэта не толькі дадатковая вытворчасць птушкі ў жывым вазе, але і збалансаванасць вытворчых магутнасцей.
У рамках дзяржпраграмы «Аграрны бізнес» пабудавалі новы забойны цэх. Для таго каб яго цалкам загрузіць, спатрэбіліся дзве новыя пляцоўкі па напальным утрыманні птушак — бройлерны цэх № 3. Усе цэхі размешчаны на адлегласці адзін ад аднаго для выканання біябяспекі і тэхналогіі «пусто-занята».

Бройлерны цэх № 3 абсталяваны найсучаснейшым абсталяваннем, усе працэсы аўтаматызаваны, інфармацыя выведзена на цэнтральны камп'ютар: наяўнасць электрычнасці, узровень вады ў воданапорнай вежы і іншае.

— У нас ёсць магчымасць кіраваць мікракліматам, атрымліваць аварыйныя сігналы і карэкціраваць выдалена праз дадатак на тэлефоне. Чалавечы фактар зведзены да мінімуму, а ўвесь працэс пры гэтым знаходзіцца на пастаянным кантролі, — адзначыў начальнік бройлернага цэха № 3 Дмітрый Кіркиж.

Начальнік бройлернага цэха № 3 Дзмітрый Кіркиж: уся інфармацыя сыходзіцца на цэнтральны камп'ютар.
 
Для паспяховага функцыянавання пляцовак на кожнай з іх стварылі па 27 працоўных месцаў. Часткова сюды перавялі вопытных птушкаводаў з іншых цэхаў. Галоўнае патрабаванне да птушкаводаў — адказна і добрасумленна працаваць, строга выконваючы ўсе правілы і распараджэнні.

— Не кожны можа справіцца, трэба быць адказным, выканаўчым. Нагрузка вялікая, але пасільная. У нас ёсць людзі, якія працуюць на фабрыцы дзесяцігоддзі, — падкрэсліў Дзмітрый Уладзіміравіч.
Вядучы заатэхнік Людміла Бурдзінская.
 33 гады працуе на прадпрыемстве вядучы заатэхнік бройлернага цэха № 3 Людміла Бурдзінская, а пачынала з яйцасклада.

— Калісьці ў школе пісалі сачыненне на тэму «Кім я хачу стаць». Тады фабрыка толькі пачынала працу. І я напісала, што хачу быць птушкаводам, вырошчваць птушку. Так і атрымалася, — узгадвае жанчына.

Пасля заканчэння Лужаснянскага сельгастэхнікума Людміла працавала ў Рагачове на качкафабрыцы, а потым вярнулася на радзіму — у Вярхоўе, дзе размешчана асноўная пляцоўка Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі.

Людміла Паўлаўна адзначыла, што за гады яе працы на прадпрыемстве фабрыка пераўтварылася. Калі прыйшла сюды ў 1990‑м, быў невялікі цэх інкубацыі, адна пляцоўка бройлернага цэха № 1, маленькі цэх забою і адзін цэх бацькоўскага статка разам з рамонтным моладняком. Цяпер на фабрыцы тры бройлерныя цэхі, два цэхі забою і перапрацоўкі птушкі, два інкубатары, цэх племянного моладняку і тры пляцоўкі цэха бацькоўскага статка. З 2009 года да ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» далучылі 14 сельгасарганізацый раёна. Цяпер на прадпрыемстве працуе звыш 4000 чалавек.

— 17 гадоў тут адпрацавала мая мама, за свой працу ўзнагароджана медалём. А цяпер на розных участках фабрыкі працуе столькі маіх сваякоў! Не перечыць, — з усмешкай падкрэслівае спецыяліст.

У абавязкі Людмілы Паўлаўны ўваходзіць поўны кантроль за вырошчваннем птушанят: падрыхтаваць птушнікі, правільна пасадзіць птушку, сачыць за расходам і якасцю корму, праводзіць якасную выбракоўку, каб на забой пайшла добрая птушка.

— У мяне тут таксама дынастыя. Дзядуля працаваў начальнікам бройлернага цэха № 1, мама працуе ў лабараторыі, бацька на інкубатары займаецца вывадам птушанят, — далучаецца да размовы вядучы інжынер-энергетык бройлернага цэха № 3 Аляксандр Козлов.
Ветурач Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі Кацярына Крэменчукова. 
 Аляксандр 11 гадоў працуе на прадпрыемстве. Прыйшоў сюды пасля арміі электрыкам, скончыў ВНУ і стаў вядучым інжынерам. Яго задача — поўнае забеспячэнне жыццядзейнасці цэха, падтрыманне пэўнага мікраклімату.

Птушкавод Ірына Булыкіна працуе на фабрыцы 14-ы год. Кажа, падабаецца з птушкай працаваць: тут да птушанят ставяцца, як да маленькіх дзяцей. У яе падпарадкаванні 96 тысяч малых у двух птушніках.

— У нашай справе няма дробязяў, таму што працуем з жывымі арганізмамі. Тут трэба ведаць усё ад А да Я: і як карміць, і як даваць лекі, словам, рабіць усё, каб птушцы было ўтульна і цёпла. Прыемна, што гэтая праца добра аплачваецца, — падкрэслівае Ірына.

Начальнік цэха працягвае думку:

— У нашай справе самае важнае — строга выконваць тэхналогію вырошчвання птушанят, ветэрынарныя прызначэнні. Адхіленні недапушчальныя: занадта вялікае пагалоўе ў цэху. 

Фабрыка год ад году развіваецца. Інвестыцыі ў вытворчасць адкрываюць новыя магчымасці, умацоўваюць яе канкурэнтныя перавагі, павышаюць прэстыж.

КАМЕНТАРЫЙ

Сняжана СЯМЕНОВА, намеснік старшыні Віцебскага райвыканкама па эканоміцы:

— Рэалізацыя праграмы «Адзін раён — адзін праект» дазволіла не толькі пашырыць вытворчыя магчымасці Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі, але і стварыць новыя працоўныя месцы. У далейшым гэта забяспечыць прырост вытворчасці валавой прадукцыі

сельскай гаспадаркі на 5 — 7 працэнтаў, прамысловай — на 15, дасць каля 700 тысяч рублёў прамых падатковых паступленняў у раённы бюджэт штогод, значна ўзрасце і памер сярэднямесячнай заработнай платы.



Што ж тычыцца Віцебскага раёна, то рэалізацыя праекта таксама дасць магчымасць у будучыні дадаткова атрымліваць 6 — 7 мільёнаў долараў экспартнай выручкі, а гэта каля 10 працэнтаў ад раённага паказчыка. Новая высокапрадукцыйная вытворчасць за кошт перспектыўных тэхналогій дазволіць забяспечыць эканомію затрат, як вынік на два працэнты ў цэлым па раёне ўзрасце паказчык рэнтабельнасці продажаў.



"СБ"