Інвестыцыі ў тэхпераўзбраенне прадпрыемстваў Віцебскай вобласці ў 2006-2010 гадах склалі Br17 трлн.

17 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. На тэхнічнае пераўзбраенне, рэканструкцыю і мадэрнізацыю прамысловых прадпрыемстваў Віцебскай вобласці, укараненне новых тэхналогій і рэалізацыю мерапрыемстваў па выпуску новай канкурэнтаздольнай прадукцыі за 2006-2010 гады прыцягнута і накіравана каля Br17 трлн. інвестыцый. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення інвестыцыйнай палітыкі і знешнеэканамічных сувязяў Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Ціханаў. Прадпрыемствамі канцэрна "Мяса-малочныя прадукты" і сістэмы "Віцебскхарчпрам" рэалізаваны мерапрыемствы па тэхпераўзбраенні, аб'ём інвестыцый у асноўны капітал за 2006-2009 гады склаў каля Br400 млрд., за 2010 год чакаецца каля Br200 млрд. Маштабныя інвестыцыйныя праекты ажыццяўляюцца на ААТ "Нафтан", РУПТП "Аршанскі льнокамбінат". Праведзена тэхнічнае перааснашчэнне ААТ "Віцязь", працягваецца мадэрнізацыя дзеючых тэхналагічных працэсаў на РУПП "Віцебскі завод радыёдэталяў "Маналіт". Працягваецца таксама рэканструкцыя і мадэрнізацыя вытворчасцей Глыбоцкага, Лепельскага і Навалукомльскага філіялаў РУПП "Віцебскхлебпрам". Праведзена тэхнічнае пераўзбраенне на 11 з 20 льнозаводаў вобласці. У выніку палепшылася якасць, выхад валакна, павысілася прадукцыйнасць абсталявання. Працягваецца рэалізацыя і шэрагу буйных праектаў у Віцебску з удзелам замежнага капіталу: будаўніцтва гіпермаркета па Бешанковіцкай шашы, рэканструкцыя былога рэстарана "Журавінка". Завершана рэканструкцыя першай і вядзецца рэканструкцыя другой чаргі гандлёва-адміністрацыйнага цэнтра па Маскоўскім праспекце. ААТ "Супрацоўніцтва" прыступіла да будаўніцтва гандлёва-забаўляльнага цэнтра па Маскоўскім праспекце ў раёне "Білева". Як адзначыў Аляксандр Ціханаў, у Віцебскай вобласці створаны спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў з удзелам замежнага капіталу. На сённяшні дзень у вобласці працуе каля 300 замежных інвестараў. Напрыклад, чэшскія тэхналогіі ўжо больш за 10 гадоў прадстаўлены ў стварэнні станцый па ачыстцы і абязжалезванні прыродных вод, фінскія - у арганізацыі вытворчасцей па выпуску оптавалаконнага і медзяжыльнага кабеля. У мяса-малочнай галіне асноўнымі інвестарамі з'яўляюцца кампаніі Германіі, Даніі, Польшчы. У харчовай прамысловасці абсталяванне паступае пераважна са Славакіі, Аўстрыі і Італіі. З Кітая паступаюць электронныя кампаненты, лекавая сыравіна для выпуску сродкаў абароны раслін і жывёл, хімічныя прэпараты, тэкстыльная і скурная сыравіна. У тэкстыльнай галіне прадстаўлены тэхналогіі Бельгіі, ЗША, Нідэрландаў, Італіі.-0-