Інвестыцыйныя агенты з'явяцца ў Беларусі

7 жніўня, Мінск /Марта Астрэйка - БЕЛТА/. У Беларусі ўводзіцца новы інстытуцыянальны механізм ажыццяўлення інвестыцыйнай дзейнасці – інвестыцыйныя агенты. Пра гэта гаворыцца ва ўказе № 413 "Аб прадастаўленні фізічным і юрыдычным асобам паўнамоцтваў на прадстаўленне інтарэсаў Рэспублікі Беларусь па пытаннях прыцягнення інвестыцый у Рэспубліку Беларусь", які 6 жніўня падпісаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Прэзідэнта. Гэты крок прыняты з мэтай удасканалення арганізацыйных форм работы з замежнымі і нацыянальнымі інвестарамі і далейшага павышэння інвестыцыйнай прывабнасці краіны. Інвестыцыйным агентам можа быць вызначана як фізічная, так і юрыдычная асоба, у тым ліку і нерэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Статус інвестыцыйнага агента змогуць атрымаць асобы, якія валодаюць практычнымі навыкамі падрыхтоўкі інвестыцыйных праектаў да рэалізацыі, а таксама якія валодаюць асабістымі дзелавымі якасцямі, што дазваляюць ім весці перамовы з высокім кіраўніцкім складам буйных кампаній. Прапанова аб вызначэнні канкрэтнай асобы інвестыцыйным агентам можа быць унесена ў Савет Міністраў любым рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання і іншай дзярж­арганізацыяй, а таксама абласным (Мінскім гарадскім) выканаўчым камітэтам на падставе звароту патэнцыйнага інвестыцыйнага агента. Рашэнне аб упаўнаважанні інвестыцыйнага агента на прадстаўленне інтарэсаў Рэспублікі Беларусь прымаецца ўрадам. Указ уступае ў сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання.-0-