Інвестыцыйныя праекты рэзідэнтаў СЭЗ павінны праходзіць экспертызу - КДК Віцебскай вобласці

Інвестыцыйныя праекты рэзідэнтаў свабоднай эканамічнай зоны (СЭЗ) павінны праходзіць экспертызу. Такое меркаванне выказала сёння журналістам намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці Юлія Авхукава, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.

У Віцебску сёння адбылося пашыранае пасяджэнне калегіі КДК вобласці, на якім разглядалася эфектыўнасць дзейнасці адміністрацыі і рэзідэнтаў свабоднай эканамічнай зоны "Віцебск".

"Колькасць рэзідэнтаў СЭЗ "Віцебск" за апошнія два гады знізілася на 20%, за першае паўгоддзе 2014 года не зарэгістравана ніводнага новага рэзідэнта. Вельмі мала эфектыўных і цікавых праектаў, а тыя, што заяўлены, не выконваюцца ва ўстаноўленыя тэрміны", - канстатавала Юлія Авхукава, падкрэсліўшы, што 80% дзеючых рэзідэнтаў не выконваюць дагаворы аб умовах дзейнасці ў СЭЗ. "Пры гэтым яны карыстаюцца льготамі па мытных плацяжах, па падатку на дададзеную вартасць, прыбытак, нерухомасць, падатку на зямлю", - сказала яна.

Супрацоўнікі КДК вобласці падрабязна вывучылі дзейнасць 18 рэзідэнтаў, якія працяглы час не выконвалі ўмовы дагавораў аб рэгістрацыі ў СЭЗ. "Устаноўлена, што 4 з іх наогул не рэалізуюць інвестыцыйны праект, астатнія 14 не выконваюць устаноўленыя паказчыкі. Пры гэтым імі атрымана Br100 млрд дзяржпадтрымкі", - падкрэсліла намеснік старшыні КДК Віцебскай вобласці.

На думку Юліі Авхукавай, каб пазбегнуць падобных фактаў, трэба выконваць першапачаткова ўстаноўленыя тэрміны рэалізацыі праектаў і не дапускаць іх падаўжэння, як гэта адбываецца зараз, а таксама ўвесці для такіх праектаў абавязковую экспертызу. "Інвестыцыйныя праекты, якія рэалізуюцца за кошт дзяржаўных сродкаў, праходзяць экспертызу ў Мінэканомікі, а ў СЭЗ дзейнічаюць дакументы заяўленчага прынцыпу. Адсюль і невыкананне паказчыкаў", - пераканана яна. Было б мэтазгодна перагледзець дзеючыя дагаворы і арганізаваць працу на ўзаемавыгадных умовах.

На пасяджэнні калегіі падкрэслівалася, што, згодна з заканадаўствам, свабодныя эканамічныя зоны ствараюцца ў мэтах садзейнічання сацыяльна-эканамічнаму развіццю краіны, для прыцягнення інвестыцый у стварэнне і развіццё экспартна-арыентаваных і імпартазамяшчальных вытворчасцей, заснаваных на новых і высокіх тэхналогіях.

Шэраг рэзідэнтаў СЭЗ паспяхова выкарыстоўвае льготы і прэферэнцыі, прадастаўленыя для іх дзяржавай, ажыццяўляе выпуск прадукцыі, запатрабаванай за мяжой, мае ўстойлівую крыніцу валютнай выручкі, стварае новыя працоўныя месцы, забяспечвае годны ўзровень заработнай платы, атрымлівае значны прыбытак, з якога ажыццяўляе плацяжы ў бюджэт. Гэта такія прадпрыемствы, як ААТ "Віцебскія дываны", ААТ "Канструктарскае бюро "Дысплей", СП "ВІК - здароўе жывёл", ТАА "Альянспласт", УП "Палімерканструкцыя", ЗАТА "Продэсім".

Разам з тым у ходзе праверкі былі выяўлены шматлікія сістэмныя недахопы і пралікі ў арганізацыі работы адміністрацыі і рэзідэнтаў СЭЗ. У прыватнасці, адміністрацыяй не забяспечана выкананне паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, даведзеных Віцебскім аблвыканкамам. Большасць рэзідэнтаў не выконвае паказчыкі, прадугледжаныя дамовамі аб умовах дзейнасці ў СЭЗ. Выкананне паказчыка па прыцягненні інвестыцый у асноўны капітал дасягнута за кошт бюджэтных сродкаў, льготных крэдытаў, сродкаў дзяржаўных інвестыцыйных фондаў. Не заўсёды інвестыцыйныя праекты рэзідэнтаў прадугледжваюць стварэнне экспартна-арыентаваных і імпартазамяшчальных вытворчасцей, заснаваных на новых і высокіх тэхналогіях.