Інвестар адкрые буйную швейную вытворчасць на базе былой фабрыкі ў Верхнядзвінску

Інвестар з Мінска выкупіў будынкі былой швейнай фабрыкі ў Верхнядзвінску і ў найбліжэйшы час плануе адкрыць новае прадпрыемства, паведаміла намеснік старшыні Верхнядзвінскага райвыканкама па пытаннях эканомікі Алена Борздак.

"Раней у корпусе з трохпавярховага будынка і яшчэ двух паменш размяшчалася вялікая швейная вытворчасць ААТ "Міла". Але з 1990-х гадоў яна пачала прыходзіць у заняпад і зусім закрылася, а пустуючыя цэхі ў цэнтры горада сталі балючай тэмай для ўладаў. Мы рэкламавалі гэты аб'ект перад інвестарамі, хоць ён і не з'яўляецца дзяржуласнасцю. І, нарэшце, ім зацікавіўся бізнесмен з Мінска - генеральны дырэктар вытворча-камерцыйнага таварыства з абмежаванай адказнасцю "БСВ". Ён выкупіў у акцыянераў корпус былой фабрыкі за сімвалічную цану, каб стварыць ТАА "Трыкатажная фабрыка Міла БСВ". Цяпер пачаты будаўнічыя работы", - растлумачыла Алена Борздак.

Суразмоўніца адзначыла, што новы ўласнік хутка зарэгістраваў прадпрыемства, завозіць будаўнічыя матэрыялы, а галоўнае, вядзе пошук работнікаў, ужо набраў 40 шваек. Мяркуецца, што ў перспектыве на вытворчасці можа быць задзейнічана да 400 чалавек, таму пошук кадраў вядзецца не толькі ў Верхнядзвінскім, але і суседніх раёнах. Працаўладкаванне будзе прапанавана беспрацоўным, зарэгістраваным у раённым цэнтры занятасці, выпускнікам школ. Плануецца дастаўляць жадаючых працаваць з сельскай мясцовасці. Вырашаецца пытанне аб абсталяванні некалькіх пакояў у інтэрнаце, каб прыцягнуць выпускнікоў Віцебскага тэхналагічнага каледжа. Прадпрымальнік мае намер пашыраць швейную вытворчасць, якой займаецца ўжо працяглы час. У яго ёсць наладжаны бізнес у Беларусі і Літве, дзе працуюць прыбытковыя прадпрыемствы па выпуску трыкатажных вырабаў. Найбліжэйшае - у Браславе, дзе нядаўна адкрыты цэх на 40 працоўных месцаў, а ўсяго плануецца набраць 100 чалавек.

"БСВ" будзе працаваць на давальніцкай сыравіне - заключаць дагаворы на выпуск гатовых вырабаў з вядомымі беларускімі кампаніямі "Мілавіца" і "Марк Формэль", якія забяспечваюць камерцыйнае прадпрыемства абсталяваннем, кроем і ўсім

неабходным для працы. Прадстаўнікі гэтых кампаній арганізуюць і бясплатнае навучанне работнікаў, так што нават далёкія ад швейнай справы людзі змогуць асвоіць вытворчасць за 3 тыдні. Пакуль размова ідзе пра выкананне заказаў на пашыў карсажных і трыкатажных вырабаў, але ёсць і доўгатэрміновы план - зарэгістраваць свой таварны знак, усталяваць лінію па выпуску трыкатажных вырабаў, у тым ліку адзення для школьнікаў.

Кацярына Князева - БЕЛТА.